Больш за ўсё я люблю Беларусь!


І гэтую зямлю нават на сёмае неба, жывы і мёртвы, не змяняю я.
А. Рэшатаў.


У кожнага чалавека свой лёс. У каго ён шчаслівы, а ў каго і не вельмі. Лёс жанчыны, аб якой пойдзе размова, складаны і няпросты, аднак вельмі цікавы.


Кавалькова Рэгіна Васільеўна (дзявочае прозвішча Скобелева) нарадзілася на Магілёўшчыне. Пасля заканчэння школы паступіла на філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Ф. Скарыны. Менавіта ў гэтай навукова-адукацыйнай установе ёй прывілі  сапраўдную любоў да роднай мовы, на якой яна размаўляе на працягу ўсяго свайго жыцця, якую яна лічыць самай прыгожай, мілагучнай і непаўторнай. Любоў да роднага слова Кавалькова Рэгіна Васільеўна на працягу многіх гадоў сваёй педагагічнай дзейнасці імкнулася перадаць сваім вучням.


У 1968 годзе адна з лепшых студэнтак Скобелева Рэгіна была пераведзена на завочнае аддзяленне і накіравана Гомельскім аблана на педагагічную працу ў Ельскі раён. Спачатку маладая і прыгожая настаўніца з доўгаю светларусаю касою працавала ў вёсцы Стары Мост, потым пяць гадоў яна выкладала родную мову ў вёсцы Дзвіжкі. Восем гадоў была выхавацельніцай у Ельскай школе-інтэрнаце. З 1980 года і да выхада на пенсію яна выкладала беларускую мову і літаратуру ў сярэдняй агульнаадукацыйнай школе № 2 г. Ельска.


Рэгіна Васільеўна выхавала цэлую плеяду вучняў, улюблёных у беларускую мову, якія пайшлі па яе слядах: скончылі філалагічны факультэт і зараз выкладаюць у школах беларускую мову і літаратуру. 34 вучні Рэгіны Васільеўны Кавальковай звязалі свой лёс з настаўніцкай дзейнасцю, з роднай беларускай мовай. Яе вучні таксама шмат разоў былі прызёрамі розных конкурсаў і алімпіяд па беларускай мове і літаратуры.


У 1991 годзе Р.В. Кавальковай было прысвоена ганаровае званне «Лепшы па прафесіі». Яна была пераможцай першага раённага конкурса «Настаўнік года», заняла другое месца ў вобласці. Без перавелічэння можна сказаць: Рэгіна Васільеўна – настаўнік ад Бога.


На пытанне, што значыць для яе беларусская мова, яна адказвае так: «Беларуская мова – гэта мая родная Беларусь, якую я вельмі люблю. Заўсёды ганаруся поспехамі нашых спартсменаў, вучоных, артыстаў, палітыкаў. Мару, каб нашы дзеці, унукі сталі сапраўднымі патрыётамі сваёй Радзімы».


Кавалькова Рэгіна Васільеўна – чалавек вельмі адукаваны, творчы, шматгранны. Яна завочна скончыла Маскоўскі універсітэт народных мастацтваў. Іграе на баяне, любіць беларускія народныя песні, класічную музыку. Любімыя кампазітары – Шапэн, Штраус, Бетховен, Шуман. А яшчэ яна складае вершы.


«У жыцці ўсяго дасягала сама,  – прызнаецца Рэгіна Васільеўна і дадае: – Аднак усё жыццё маё звязана са школай і газетай «Народны голас», у якой працаваў мой муж Кавалькоў Валянцін Пятровіч. Раённая газета для мяне многа значыць: гэта сувязь з мінулым, з маёй маладосцю, гэта ўспамін пра майго чалавека, якога, на жаль, ужо няма побач, гэта першыя мае вершы і замалёўкі, надрукаваныя ў «раёнцы». Я вельмі люблю «Народны голас» і жадаю калектыву рэдакцыі плённай працы, натхнення, і творчых поспехаў».


У сваю чаргу, мы жадаем Кавальковай Рэгіне Васільеўне моцнага здароўя, доўгага жыцця, чалавечага шчасця і цеплыні. Няхай лёс засцерагае гэтую цудоўную жанчыну!


І. Дарына.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *