Я ганаруся сваім прадзедам

Общество

Адышлі ў гісторыю гады ваеннага ліхалецця, але сэрцы ўдзячных нашчадкаў не забудуць герояў вайны 1941-45 гадоў, абараніўшых краіну ад нямецка-фашысцкага нашэсця.


Адным з абаронцаў Радзімы ў той страшнай вайне быў мой прадзед, тата маёй бабулі Марыі, Хамутоўскі Іван Міхайлавіч.


Жыў ён у вёсцы Казлы са сваей жонкай Антанінай Максімаўнай. Я часта з татам, унукам дзеда, бываў у Казлах.


Летам яго заўсёды знойдзеш у садочку каля пчол. Хамутоўскія – патомныя пчаляры. Вось тут, пад развесістай старой яблыняй, сядзем на лавачцы, змайстраванай дзедам, і гутарым, а заадно частуемся духмяным мёдам.


Стары салдат часта расказваў аб тым, як і дзе ваяваў. А пачаў ён вайну пад Жытомірам і закончыў у Берліне.


Быў некалькі разоў ранены; непрытомнага яго падабралі немцы. Так ён папаў у лагер для ваеннапалонных пад кіраваградам. З палону яму дапамаглі ўцячы мясцовыя жыхары. Салдат дабраўся да роднай вёсачкі, але не зламаў воіна палон – пайшоў у партызаны. Партызаніў да канца 1943 года. Затым разам з многімі сябрамі-партызанамі перайшоў у пяхотны полк пад в. Дабрынь.


Зноў быў ранены ў баі, лячыўся ў шпіталі, ачуняў, быў напраўлены ў 68-ю Калінкавіцкую танкавую брыгаду.


Радасную вестку аб Вялікай Перамозе сустрэў у Варшаўскім шпіталі. Але дамоў не хутка папаў: да ліпеня 1946 года працаваў на хлебазаводзе ў Берліне.


На радзіму адважны воін прывёз два медалі «За адвагу», ордэн «Чырвонай зоркі», ордэн «Айчыннай вайны», медаль «За баявыя заслугі», мае тры ўдзячнасці ад камандавання.


Не любіў дзядуля хва-ліцца сваім геройствам, але ўзнагароды гавораць самі за сябе.


Да вайны і пасля вайны працаваў настаўнікам пачатковых класаў.


Дзядуля з вялікай павагай адносіўся да кожнага чалавека, быў паважлівы, чалавечны, чэсны, добры. Заўсёды цікавіўся маімі поспехамі ў вучобе… Я стараюся добра вучыцца, каб не было сорамна перад прадзедам.


Майго прадзеда ўжо няма. Памёр ён 23 жніўня 2008 года на 89 годзе жыцця. Але памяць аб ім назаўсёды будзе жыць у маім сэрцы. Я ганаруся сваім прадзедам – воінам і чалавекам, і ўсё жыццё буду старацца быць падобным на яго.


Д. Сугак, вучань 11 класа Ельскай САШ №1.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *