Дарыць людзям прыгажосць


У нашым горадзе ёсць адкрытае акцыянернае таварыства «Ельскі камбінат бытавога абслугоўвання». У 2005 годзе ён адзначыў свой 60-гадовы юбілей. Камбінат быў арганізаваны ў 1945 годзе, раней называўся арцеллю «Прагрэс», праз дзесяць год рэарганізаваны ў Ельскі райпрамкамбінат, а ў 1964 годзе – у калектыў бытавога абслугоўвання насельніцтва. Са снежня 2002 года носіць сваю цяперашнюю назву.


У састаў ААТ «Ельскі КБА» уваходзіць 31 структурнае падраздзяленне, сярод іх – ААТ «Дом быта «Мара». Будынак размяшчаецца па вуліцы Дзяржынскага, 20, што насупраць раённага суда. Нават сама назва ў яго рамантычная – «Мара».


Магчыма, па гэтай прычыне людзі часценька наведваюцца сюды, хочуць, каб іхнія мары і жаданні здзейсніліся. Да прыкладу: захоча жанчына ці мужчына змяніць або абнавіць прычоску – калі ласка, ёсць цырульня, у якой вас падстрыгуць і зробяць завіўку на любы густ. Маецца патрэба зрабіць фота – няма праблем. Хочаш абнавіць свой гардэроб – і гэта магчыма: бабуліну сукенку альбо кашулю вам з вялікім задавальненнем перашыюць у майстэрні па індывідуальнаму пашыву і рамонту адзення.


У распараджэнні Дома быта ёсць цэх па пашыву коўдр і наматрацнікаў. Аказваецца послуга хімчысткі адзення і мыцця бялізны ў пральні. Таксама ёсць невялічкі магазін, у якім вы можаце набыць прадукцыю камбіната.


Са слоў загадчыцы атэлье Ляўкоўскай Дзіны Аляксееўны, Дом быта «Мара» быў уведзены ў эксплуатацыю ў 1964 годзе. Колькасць працоўнага персанала – 34 чалавекі. Калектыў дружны, згуртаваны, працавіты, людзі любяць і паважаюць сваю працу. Больш за 20 год працуюць швачкамі  ў цаху па пашыву коўдр і наматрацнікаў Майстрэнка Вера Віктараўна і Сугак Алена Мікалаеўна.


Вера Віктараўна сваю працоўную дзейнасць пачала ў1988 годзе. Адразу пасля заканчэння школы прафесію асвойвала ў якасці вучаніцы. Спачатку вырабляла дываны, а затым была пераведзена аператарам пральні Ельскай ЦРБ. На цяперашні час займае пасаду  брыгадзіра цэха і адначасова выпускае прадукцыю.


За добрасумленную і старанную працу В.В. Майстрэнка неаднаразова была прэміравана, яе вылучалі дэлегатам на нараду перадавікоў, яе партрэт змешчаны на Дошцы гонару. Муж Веры Віктараўны таксама працуе у Доме быта.


Не адстае ад сваёй калегі і Алена Мікалаеўна Сугак. Працаваць пачала швачкай трыкатажнага атэлье ў 1985 годзе. З 2001 г. таксама, як і Вера Віктараўна, пераведзена аператарам пральні. У цаху займаецца пашывам коўдр.


Неабходна сказаць, што на іхні тавар ёсць вялікі попыт, таму ён не залежваецца на паліцах, нават шыюць на заказ.


Жанчыны да сваёй працы адносяцца з усёй сур’ёзнасцю і адказнасцю, пастаянна павышаюць кваліфікацыю (нядаўна здавалі пераатэстацыю). План перавыканалі больш чым на 115%.


Хочацца пажадаць гэтым людзям плённай працы, поспехаў у рабоце. Няхай і ў далейшым калектыў Дома быта радуе сваімі паслугамі і таварамі жыхароў горада і раёна.


М. Ільюк.
Фота А. Сіліверста.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *