Дзень добры, Вясна! Да пабачэння, Масленіца!

Общество

У нас сягоння Масленіца!
Прыляцела да нас ластавіца,
Села на калу,
Скінула масла па каму…


У сучасным календары для святкавання Масленіцы вызначаны восьмы тыдзень перад Вялікаднем. Свята Масленіцы паўсюдна чакалі з вялікай нецярплівасцю. Масленічны тыдзень быў перапоўнены святочнымі абрадавымі дзеяннямі, частаваннем, гульнямі і забавамі.


На гэтым тыдні асабліва ўважліва ставіліся да ежы. Неабходна было пазбягаць страў з мяса, перавага аддавалася блінам і стравам з малака. Не выпадкова адна з назваў гэтага тыдня – «Мясапуст». Галоўная ежа на Масленіцу – бліны: жытнія, пшанічныя, ячныя, грэчневыя, з маслам, смятанай, мёдам.


На Масленіцу кожны дзень меў сваю назву. Панядзелак атрымаў назву Сустрэча – пачатак свята. У гэты дзень выпякалі бліны, рыхтавалі ледзяныя горкі, санкі, выконвалі абрад «Вазіць маладух».  Аўторак, ці Зайгрыш, даваў пачатак гасцяванням. Серада атрымала назву Лакамка. У чацвер, ці па-іншаму Шырокі дзень, аб’язджалі маладых коней, выбіралі пастуха, выпякалі блінцы для каровы. У пятніцу,  так званыя Цешчыны вечары, «хадзілі да цешчы на бліны». Суботу назвалі Залоўчыны (Залвіцыны) пасядзелкі. У гэты дзень моладзь на санях ехала за вёску як мага далей (каб доўгі рос лён), і дарослыя, і дзеці каталіся з горак, працягваліся гасцяванні-адведкі. У нядзелю, ці Прашчоны дзень, распальвалі масленічнае вогнішча, выконваліся абрады «Пахаванне бабы», «Гуканне вясны».


1 сакавіка, менавіта ў Прашчоную нядзелю, развітваліся з Масленіцай  жыхары горада Ельска і Ельскага раёна. Нашы продкі казалі, што «калі добра не пагуляць на Шырокую Масленіцу, то быць у гэтым годзе бядзе і нястачы». Вось і ў нашым горадзе вырашылі не адыходзіць ад гэтай традыцыі. На жаль, не было ў гэтым годзе дастаткова снегу, каб пакатацца на санях і санках, але ўсе астатнія элементы свята прысутнічалі ў поўным аб’ёме.  У гэты сонечны, але не вельмі цёплы дзень перад жыхарамі і гасцямі горада прайшло тэатралізаванае прадстаўленне «Як Забаву замуж выдавалі», рэжысёрам якога была А.Г. Сафонава. Масленіца, Вясна, Скамарохі, Кароль, Прынцэса, Папандопала, Султан –  гэта не поўны пералік усіх дзеючых персанажаў, якія падымалі настрой, гулялі ў гульні, спявалі  для ўсіх, хто сабраўся на плошчы. А якое ж народнае гулянне можа абысціся без фальклорных калектываў? Правільна – ніякае! Парадавалі ў гэты дзень сваімі песнямі, частушкамі, прыпеўкамі і гульнямі фальклорныя калектывы: «Сударушка» Качышчанскага ЦК і Д, «Скарадняначка» Скараднянскага СДК, самадзейныя калектывы Стара-Высокаўскага СДК, Млыноцкага КСЦ, Рамязоўскага СДК, ГДК «Колас».


Кулачныя баі даўно «канулі ў Лету». Таму сваю сілу мужчыны ў гэты дзень маглі паспрабаваць у перацягванні каната, у падняцці пудовай гіры. Але самым цікавым відовішчам стала спаборніцтва, калі моцная палова чалавецтва падымалася на даволі высокі слуп, каб атрымаць прыз ад арганізатараў свята. Шмат разнастайных спартыўных і забаўляльных гульняў праводзілася ў гэты дзень на плошчы як для дарослых, так і для дзяцей.


Паспрабаваць шчасця можна было не толькі ў сельскагаспадарчай латарэі, у якой традыцыйна галоўным прызам быў парсючок, але і ў латарэі «Імгненне  ўдачы». А той, хто жадаў паспытаць Масленічных страў, з задавальненнем наведвалі гандлёвыя рады.


Завяршылася свята танцавальнай праграмай.


В. Сакула.
Фота А. Сіліверста.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *