Не пакінулі без увгі


У рамках штогадовай акцыі, якая праходзіць пад назвай  «Рэха далёкай вайны…», прысвечанай 20-годдзю вываду Савецкіх войск з Афганістана, прадстаўнікі райваенкамата, аддзела па справах моладзі, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва  наведалі маці воінаў-інтэрнацыяналістаў, загінуўшых пры выкананні воінскага абавязку.


Адразу па прыезду ў вёску Скароднае прадстаўнікі ўлады наведалі Лубенскую Марыю Мікалаеўну. Яе сын Віктар Уладзіміравіч Лубенскі загінуў на вайне ў Афганістане.


На парозе нас ветліва сустрэла пажылая жанчына, павіталася, запрасіла ў хату. Па яе шчырай усмешцы было відаць, што гэтай сустрэчы яна вельмі радая.


Пасля кароткага ўрачыстага слова намеснік ваенкома Ельскага РВК С.В. Цімошчанка ўручыў маці воіна-афганца юбілейны медаль «20 год вываду савецкіх войск з Афганістана». Затым са словамі найлепшых пажаданняў начальнік ТЦСАН Н.С. Петрухно ўручыла  матэрыяльную дапамогу і памятны сувенір. Ад такой увагі на вачах Марыі Мікалаеўны заблішчалі слёзы, нават было прыкметна, што яна крышачку хвалявалася. Скарга на сваё здароўе плаўна перайшла ў размову пра сялянскае жыццё: нагадала пра сваю гаспадарку, пра тое, што і вясной плануе агарод сеяць, таму і гной патрэбен, а раз карова ёсць, то і касілка неабходна ў час сенакосу. Намеснік ваенкома запэўніў жанчыну ў сваёй абавязковай дапамозе. Хаця ў дапамозе ёй ніколі не адказвалі. Мясцовая ўлада ўсяляк садзейнічае Марыі Мікалаеўне ў вырашэнні бытавых праблем.


Потым на вясковых могілках, дзе пахаваны воін-інтэрнацыяналіст, вучнямі 7 класа Скараднянскай САШ быў ускладзены вянок. Гэтыя вучні разам з класным кіраўніком Канопліч Наталляй Фёдараўнай узялі шэфства над М.М. Лубенскай: складваюць дровы, расчышчаюць снег, дапамагаюць па гаспадарцы і проста прыходзяць адведаць. Піянерская дружына школы носіць імя воіна-інтэрнацыяналіста, таму аб афганскай вайне яны ведаюць нямала.


Шмат было сказана пра воінаў той мінулай вайны, пра выкананне інтэрнацыянальнага абавязку, пра цану, якую заплацілі спаўна савецкія салдаты. Усе выказаныя словы сталі для рабят яшчэ адным урокам патрыятычнага выхавання.


Пасля гэтага мы наведалі маці воіна-афганца Белашыцкую Лідзію Пятроўну, чый сын таксама не вярнуўся з Афгана. Яна пражывае ў вёсцы Бабруйкі. Пахаваны Белашыцкі Васілій Мікалаевіч у горадзе Мазыры: так пажадала радня.


Пасля ўручэння ўзнагароды, падарунка і матэрыяльнай дапамогі жанчына, выціраючы слёзы рукой, запрасіла нас прысесці. Размова, якую яна павяла, аказала на мяне вялікае ўражанне. Справа ў тым, што Лідзія Пятроўна  жыве адна. Дзеці даўно раз’ехаліся (дачка ў Маскве, сын у Мазыры, да таго ж ён інвалід па зроку). А тут узнікла праблема: стаў працякаць дах хаты. Ды і з дровамі былі цяжкасці – заставалася паліць грубку на пару тыдняў, калі не ўлічваць печы.


Ваенкамат дапамог – прывезлі жанчыне абрэзкаў.


– Калі яшчэ было здароўе, то работу сама рабіла, – кажа жанчына, –  а цяпер здароўе ўжо не тое. Прыходзіцца звяртацца за дапамогай. Каўдэрка Аляксандр Мікалаевіч, дырэктар КСУП «Млынок», дай яму Бог здароўя, зрабіў для мяне вельмі многа карыснага: даў рабочых, каб дах адрамантаваць, трактар заўсёды дае, каб агарод паараць, выдзяляе надзел на саўгасным полі пад пасадку бульбы, нават карову маю лячыў, паколькі сам ветурач. Я яму вельмі за гэта ўдзячна! Залаты ён чалавек!


Пасля гэтых слоў жанчына нават расчулілася, на вачах з’явіліся слёзы. Затым Лідзія Пятроўна паведала пра сваю гаспадарку: двое парасят, карова – клопату хапае. А яшчэ паказала прысутным свае вышыўкі: абрусы, посцілкі, накрыўкі на падушкі – і здзівіла ўсіх сваім майстэрствам.


На развітанне С.В. Цімошчанка яшчэ раз паабяцаў дапамагчы ў вырашэнні праблем жанчыны.


Са свайго боку хачу дадаць, што тую неабходную дапамогу, у якой маюць патрэбу маці воінаў-інтэрнацыяналістаў, улады  аказваюць у першую чаргу. І не толькі напярэдадні даты вываду войск з афганскай зямлі, але і на працягу ўсяго года.


К. ПЯТРОЎ.  



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *