Свята «Першай баразны»

Сельское хозяйство

Адной з яскравых прыкмет надыходу вясны з’яўляюцца жаўрукі. Іх нябачныя вокам залівістыя званочкі з бяздоннага блакіту  неба абвяшчаюць наваколле аб абуджэнні пасля зімовага сну прыроды і зямлі. Сейбіты ў гэты час выходзяць у поле. Так было у беларускага народа на працягу стагоддзяў, так яно ёсць і сёння…


Першы дзень пачатку масавай веснавой сяўбы заўсёды святочны. Пераемнасць пакаленняў у нашы дні асабліва падкрэсліваюць святы «Першай баразны». Другога красавіка такое свята адбылося ў КСУП «Скараднянскі».


На стадваццацігектарным полі, што раскінулася за вёскай Валаўск, з самай раніцы было мнагалюдна. Механізатары нагналі сюды шмат тэхнікі: трактароў з плугамі, з камбініраванным шматфункцыянальным пасяўным агрэгатам, з аўтаматычным пагрузчыкам насення і інш. Быў тут і звычайны конь з ручным плугам. Адпачыўшы за зіму, добра ўкормлены і ладны, ён, аднак, выглядаў на фоне награмаджэння сучасных сталёвых  агрэгатаў і прыстасаванняў для апрацоўкі зямлі і сяўбы насення, як музейная рэліквія. Тым не менш коніку гэтаму на свяце адводзілася самая галоўная і пачэсная роля. Як і стагоддзі раней, ён першым пралажыў баразну ворыва на агромністым гэтым полі. У ролі аратага выступіў дырэктар мясцовай школы Мікалай Іванавіч Кохан. Яму дапамагалі малаказборшчык С.І. Кышлар і механізатар Ю.Р. Літвіненка, якія моцна трымалі коніка за аброць і накіроўвалі ў патрэбным накірунку. І гэта было глыбока сімвалічна.


Першая баразна ў полі пракладвалася пад меладычныя жыццесцвярджальныя словы народных песень-вяснянак, якія спявалі ўдзельнікі вакальнага ансамбля «Валошкі» Валаўскага сельскага Дома культуры. А яшчэ быў выкананы народны абрад пачатку веснавой сяўбы. У свежаўзараную раллю ўтыкнулі сякеру, каб пустазелле на полі не расло, пасадзілі асвячоную ў царкве вярбу і свечку, каб мінавалі будучы ўраджай стыхійныя бедствы: моцныя ліўні і навадненні, засуха… Закапалі ў першай баразне ў чыстай сурвэтцы і хлеб, і соль, і яйка, каб зямлю-карміцельку задобрыць…


Усё гэта рабілася з поўнай сур’ёзнасцю і верай у будучы багаты ўраджай. А што ён будзе такім, ніхто не сумняваўся. Упэўненасць у тым, што зямля аддзячыць працавітых аратых і сейбітаў у поўнай меры, прагучала ў выступленнях перад пачаткам пасяўных работ. Перад удзельнікамі на гэтым свяце выступалі: дырэктар КСУП «Скараднянскі» М.М. заяц, старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Г.І. Цык, галоўны эканаміст гаспадаркі М.І. Ляўкоўская, трактарыст Ю.Р. Літвіненка. У арганізацыі і правядзенні свята прыняў удзел начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкома А.У. Гуцко.


А над палямі ў гэты дзень разліваліся песні жаўрукоў, ярка свяціла веснавое сонейка, і, хаця вецер прыносіў парывамі яшчэ і зімовы холад, на душы ўсё ж было весела і радасна, як бывае толькі вясною, калі над краем нашым лунаюць песні, якія перарастаюць у дружны рокат трактарных рухавікоў і жывуць да глыбокай восені.


У. Жураўлёў.
На здымках: фрагменты свята.
Фота А. Сіліверста.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *