Слова пра паэта,альбо Як нараджаюцца вершы…


Ужо не адзін раз на старонках раёнкі з’яўляліся нарысы з нестандартнымі назвамі: «За што падзяка?», «Чаму поле цёплае?», дзе я распавядаў пра справы дзяцей, калектыву, нашу сувязь с працаўнікамі сельскай гаспадаркі з Зашыр’я і яго кіраў-ніком Рыгорам Уладзіміравічам Бабчанком.


Гэта і сапраўды чалавек, з вобраза якога можна пісаць нават вялікія мастацкія творы. І заслугоўвае ён гэта ў першую чаргу за вернасць роднай зямлі, той справе, якой прысвяціў з маладосці ўсё сваё жыццё.


Здаецца, яго вопытнае вока, востры погляд бачаць не толькі, што чалавек робіць, а галоўнае – з якім душэўным настроем!


Ён адзін з першых кіраўнікоў у раёне даў згоду на павялічэнне сваёй гаспадаркі за кошт Дубровы. І сёння, гледзячы на яго, бачыш, як перажывае за паказчыкі, якія крыху ўпалі, а на твары – стомленасць. Затое ў людзей вырасла заработная плата, жыццё становіцца больш заможным.


Едучы з ім па палях, адчуваеш, як мяняецца ягоны настрой, на твары з’яўляецца ўсмешка, і расказвае, расказвае, расказвае… Як быццам хоча выгаварыцца перад аднадумцам, сябрам.


І ўсё гэта дзеля аднаго – зрабіць сваю зямлю прыгажэйшай, а жыццё больш цікавым. А можа, ў гэтыя хвіліны і нараджаюцца радкі яго вершаў.


І мне здаецца, што іх непатрэбна таіць, дзяржаць у сваім творчым сшытку, а паказаць людзям, каб яны ацанілі, паверылі ў ягоныя словы, сталі дабрэйшымі, а ў душы пасяліўся спакой і надзея. Вось некаторыя яго вершы.


Сябры
Ёсць людзі, проста нібы зоркі
Яскравай знічкаю гараць,
Цяпло душы, сардэц гаворкі,
Якія нельга не ўспрыняць.
Яны з адкрытаю душою
З любоўю крочаць па жыцці,
Памогуць з рознаю бядою,
Падкажуць, як далей ісці.
І ты паціху ажываеш,
Падтрымку ўзяўшы, цеплыню,
Зноў волю, сілу набіраеш,
Нібыта ўсё ўпершыню.
Жыццё зноў кружыць і віруе,
І ты віруеш разам з ім,
Няхай Хрыстос сяброў гатуе
Такіх надзейных і другім.
Мне ўсё ў свеце даспадобы –
Чатыры любыя пары,
Мае сябры – вышэйшай пробы,
Яны сапраўдныя сябры!


Роздум
Мы ўсе ляцім, кудысь спяшаем,
Шукаем грошай і дабра,
Бацькоў, сяброў не заўважаем,
Нібыта іх ужо няма.
Няма калі нам любавацца
Дубровай, полем і ракой,
Хутчэй дадому б нам дабрацца,
Махнуць знаёмаму рукой.
Няма калі вясці гаворку
Пра неўгамоннае жыццё,
Адведаць родную старонку,
Узяць старэнькае кассё.
Прайсціся ранкам па пакосах
І па духмяных мурагах,
Дзяцінства тут маё – у росах
На мілых сэрцу мне лугах.
Бурліць, кіпіць жыццё імкліва,
Ва ўсім і ўсюды – мітусня
І абыякавасці сіла
Нясе, як дзікага каня.
Я часам сам не маю сілы
Ўцячы ад гэтай мітусні,
Праведаць родзічаў магілы –
Свайго дзяцінства карані.


Няхай кожны робіць выснову сам сваю, а мне здаецца, што простыя, шчырыя словы не могуць не крануць сэрца, заклікаюць да роздуму.


Рыгор Уладзіміравіч часты госць у Ельскай дапаможнай школе-інтэрнаце. Ён – яе ганаровы дырэктар. І гэта не толькі словы, а ўзаемная дапамога, давер, спагада да дзяцей. Ужо традыцыйна ў верасні-кастрычніку дзеці і дарослыя шчыруюць на ўборцы агародніны ў саўгасе. А на стале дзяцей – бульба, морква, буракі, цыбуля і капуста з гаспадаркі. А яшчэ грошы ў якасці прэміі ў канцы навучальнага года, навагоднія падарункі, якія ён уручае сам, і перада-дзеная школе-інтэрнату сеялка, і «абутак» на школьны трактар і многае іншае. Але ж галоўнае – гэта ўвага, дабрыня гэтага чалавека, ягоны клопат аб другіх.


Мусіць, пагэтаму і выходзяць з пад яго пяра такія добрыя і шчырыя  вершы.


Няхай не згубіцца Ваш талент, Рыгор Уладзіміравіч. Пішыце… Удзячныя чытачы раёнкі чакаюць ад Вас новых вершаў.


Я. Ліпскі, дырэктар дапаможнай школы-інтэрната.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *