Адзначылі свята «Купалле»


2 ліпеня ў Ельскім дзіцячым садзе №2 «Залаты ключык» адбылося фальклорнае музычна-спартыўнае свята «Купалле». Гэтае мерапрыемства ладзілася з мэтай далучэння дзяцей да беларускай культуры, да нашых старадаўніх традыцый і самае галоўнае – падарыць дзеткам святочны настрой.
 
Свята было арганізавана кіраўнікамі музычнага выхавання Таццянай Мікалаеўнай Зур і  фізічнага выхавання Марынай Васільеўнай Мароз. Вядучай гэтага святочнага мерапрыемства стала Ілона Уладзіміраўна Лянчэўская. Галоўную ролю вядучага персанажа – Купалінкі – выконвала Святлана Міхайлаўна Остач. У свяце прымалі ўдзел усе выхаванцы дзіцячага сада. У пачатку святочнай праграмы вядучая Ілона Уладзіміраўна распачала гаворку пра гісторыю ўзнікнення «Купалля»,  паведала, адкуль пайшло гэтае свята, пазнаёміла дзяцей з традыцыямі святкавання, а таксама навучыла ўсіх прысутных плесці вянкі. А затым варажылі, пускалі вяночкі на ваду, пераскоквалі праз імправізаванае кастрышча.


Дзеткі старэйшага і сярэдняга ўзросту ўдзельнічалі ў гульнях, конкурсах і эстафетах, а самыя маленькія выхаванцы сталі актыўнымі балельшчыкамі гэтага мерапрыемства. Іх перажыванні не былі дарэмнымі: Купалінцы ўвесь час старалася нашкодзіць нячыстая сіла – Ва-дзянік (гэтую ролю майстэрскі сыграла Марына Васільеўна Мароз) і Чорцік (з гэтай роляю выдатна справілася Яна Уладзіміраўна Ражкова).


Кульмінацыяй свята стаў пошук цудадзейнай папараць-кветкі, але гэта было не так проста. Не сядзела на месцы нечысць. Увесь час яна перашкаджала ў пошуках папараць-кветкі. І як нячыстая сіла ні старалася ашукаць дзяцей і збіць з правільнага шляху, нічога не атрымалася. Запаветную кветачку знайшоў Павел Цімошчанка, якую потым уручыў Купалінцы. Прыгажуня Купалінка аддзячыла хлопчыка, падараваўшы яму вяночак. Пасля гэтага ўся нечысць падабрэла і разам з дзецьмі Вадзянік, Чорт, Лясун і Ведзьма вадзілі карагоды, гулялі ў розныя гульні, спявалі і весяліліся разам з усімі. Спадабаліся і фальклорныя народныя песні, якія выхаванцы спявалі разам з Купалінкай.


Асобную радасць і азарт выклікалі народныя гульні-эстафеты: «Дапамажы  рыбкам» і «Запоўні балота вадой». Дзеці весела і з радасцю ўдзельнічалі ва ўсіх конкурсах. прыемна было назіраць, як старанна бегалі навыперадкі, як імкнуліся перадаць эстафету іншым удзельнікам.


Арганізатары мерапрыемства зрабілі ўсё, каб падараваць добры настрой, радасць, весялосць, бадзёрасць, а галоўнае – пазнаёмілі дзяцей з фальклорнымі традыцыямі,а гэта так актуальна ў наш час.


М. Ільюк.
На здымках: удзельнікі свята «Купалле»
Фота А. Сіліверста. 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *