Шчасце ў працы


У Рамязоўскім СДК, які заўсёды з’яўляўся для мясцовых жыхароў культурна-асветніцкім цэнтрам вёскі, на працягу 4-х гадоў працуе мастацкім кіраўніком Таццяна Віктараўна Дудкоўская.


Свой працоўны шлях яна пачала ў 1985 годзе піянерважатай, адразу пасля заканчэння школы. Затым была вучоба ў Мазырскім дзяржаўным педагагічным інстытуце. Пасля размеркавання (пашчасціла працаваць у роднай школе) Т.В. Дудкоўская на працягу 15 гадоў выкладала рускую мову і літаратуру, сусветную мастацкую культуру, музыку і спевы.


Пачуццё прыгожага, любоў да музыкі і песень абумовілі далейшы працоўны лёс Таццяны Віктараўны.


Адказная праца мастацкага кіраўніка і жаданне дарыць прыгажосць і радасць людзям пастаянна патрабуюць ад яе натхнення і душэўнага ўздыму. Любіць і ганарыцца яна сваёй работай. Часта бывае так, што прыходзіцца ахвяраваць сваім асабістым часам, але вынікі плённай працы, лічыць, – галоўнае ў жыцці.


У СДК створаны свой мясцовы хор, у якім спявае і яна, існуе некалькі гурткоў, у якіх займаюцца не толькі дзеці і падлеткі, але і дарослыя.


Асабліва падабаецца Таццяне Віктараўне займацца з дзецьмі. Для іх ў мясцовым Доме культуры працуюць драматычны, вакальны і танцавальны гурткі, а таксама ўсімі любімыя «Вельмі ўмелыя ручкі» і «Прырода і фантазія».


Работа, якую Таццяна Віктараўна праводзіць з дзецьмі, вельмі патрэбная і неабходная. Арганізаваць яе трэба такім чынам, каб падлеткі змаглі з карысцю для сябе бавіць свой вольны час, каб кожны змог знайсці  любімы занятак і рэалізаваць свой талент, або прыйсці паслухаць, пабачыць прыгажосць, зробленую рукамі аднагодак.


Са сваім кіраўніком маленькія ўмельцы смела ўкараняюць і рэалізоўваюць розныя дзіцячыя фантазіі, ажыццяўляюць свае задумкі і мары.


Для вырабаў выкарыстоўваецца самы разнастайны матэрыял: рознакаляровая папера, пластылін, бісер, шкло, гузікі, карэнне, сухія расліны, лісце з дрэў. Галоўнае ў гэтай справе  – фантазія і натхненне!


Дзіцячыя работы часта выстаўляюцца ў холе Дома культуры. Карціны, рэпрадукцыі, пано, цацкі, упрыгожванні, зробленыя рукамі дзяцей і падлеткаў, нікога не пакінуць раўнадушнымі, выклікаюць цікавасць і замілаванне.


У Рамязоўскім СДК ёсць і бібліятэка, якую з вялікім задавальненнем наведвае мясцовае насельніцтва – ад самых маленькіх чытачоў да людзей паважанага ўзросту. Насупраць чытальнай залы размешчаны этнаграфічны куток – вясковая хата, якая з’явілася два гады таму назад. Тут можна не толькі пазнаёміцца з укладам жыцця беларускага селяніна, але і дакрануцца да тых рэчаў, якімі карысталіся нашы продкі: мэбля, посуд, вышыўкі, посцілкі, адзенне, прылады працы.


Этнаграфічны кут умоўна падзелены на дзве паловы – мужчынскую і жаночую. Мужчынская ўвабрала ў сябе прыстасаванні і прылады, якімі карысталіся мужчыны, а ў жаночай знаходзіцца печ, калаўрот і так неабходны ў тыя часы ткацкі станок, іншыя хатнія пажыткі. Дзіцячая калыска і ікона прыдаюць гэтаму куту нейкі рэалізм, ствараюць уражанне звычайнага сялянскага жылля.


Зборам экспанатаў займаўся ўвесь калектыў Рамязоўскага Дома культуры. Некаторыя рэчы людзі прыносілі асабіста. Ёсць экспанаты, якім амаль ужо сто гадоў. Усю цікавую інфармацыю, што адлюстроўвае гісторыю вёскі і працу простых людзей, рыхтуе бібліятэкар Л.В. Цімошчанка.


Т.В. Дудкоўская з вялікім задавальненнем расказвае ўсім наведвальнікам і тым, хто цікавіцца гісторыяй роднай зямлі, аб жыццёвым побыце простай беларускай сям’і. Павагу да свайго краю, да родных мясцін, да каранёў сваёй спадчыны яна выхавала і ў родных дзецях (радавод аб сваіх продках напісала яе дачка Алена).


Сям’я ў Таццяны Віктараўны выдатная: муж, Леанід Васільевіч, працуе механізатарам, перадавік сельскагаспадарчага кааператыву «Рамязы», сын Васіль ужо самастойны – скончыў Мазырскае ПТВ-84, па прафесіі  кранаўшчык, праходзіць практыку ў Віцебску, дзве прыгожыя дачкі – Алена і Анастасія.


Прыемная работа, любімая сям’я – тое, што патрэбна дзеля шчасця чалавека.


М. Ільюк.
На здымку: Т.В. Дудкоўская ў этнаграфічным кутку СДК.
Фота А. Сіліверста.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *