Хлебнае свята ў вёсцы Засінцы

Сельское хозяйство

У мінулую суботу ў сельскагаспадарчым вытворчым кааператыве «Падгалле» святкавалі дажынкі. Напярэдадні, у пятніцу, усе праваслаўныя вернікі адзначылі вялікае царкоўнае свята – Прачыстую, або Дзень Прасвятой Багародзіцы. У гэты дзень здаўна ў нашым народзе святкуецца адно з самых галоўных сялянскіх свят – дажынкі, або «аджынкі», спраўляюцца абрады заканчэння жніва, провадаў лета і ўсхваляецца родная зямелька за падараваны ёю новы ўраджай хлеба…


Непарыўная сувязь пакаленняў мінулых стагоддзяў і сённяшніх працалюбівых хлебаробаў адчувалася ва ўрачыстай атмасферы свята дажынак у Засінцах. Дзякуючы сумесным намаганням культработнікаў Засінцаўскага сельскага Дома культуры і кіраўніцтва мясцовай гаспадаркі сівая даўніна літаральна ажыла, амаль забытыя народныя абрады прадсталі ў рэальным увасабленні ў жывых мастацкіх вобразах перад удзельнікамі свята – механізатарамі, паляводамі, іншымі працаўнікамі і жыхарамі цэнтральнай і навакольных вёсак.


Цэнтрам свята быў прыгожа аздоблены двор Дома культуры. Па-летняму прыпякаючы, зіхацела ў чыстым небе сонца і разносіліся па наваколлю звонкія песні: «Зялёнае жыта», «Еду на камбайне», «Хлеб – усяму галава» і іншыя. І гучалі пранікнёныя словы вядучых свята, апранутых у нацыянальныя беларускія гарнітуры: «Хлебнае свята ў вёсцы наладзім, дажынкі святыя сыграем сялом. Радасць на сэрцы… Чакаем у госці мы ўсіх з задушэўным цяплом…»


І было яшчэ шмат слоў удзячнасці за добрасумленную шчырую працу на хлебнай ніве героям жніва – пераможцам унутрыгаспадарчага спаборніцтва на ўборцы зерневых і зернебабовых культур – экіпажам камбайнаў у складзе: Сяргея Марозенкі і Аляксандра Карпава; Сяргея Застаўніцкага і Валерыя Пархоменкі; вадзіцеля аўтамабіля – Дзмітрыя Ладыжанкі. Яны пад дружныя апладысменты аднавяскоўцаў атрымалі з рук кіраўніка гаспадаркі грашовыя прэміі.


А самому кіраўніку, старшыні сельгаскааператыва, хлебаробы паднеслі каравай, выпечаны з мукі новага ўраджаю. Такі ж каравай атрымаў і галоўны аграном гаспадаркі Уладзімір Полаз. Гэты момант быў вельмі ўрачыстым. Караваі ўручаліся пад словы песні: «Каравай ты наш прыгожы, хто з табой зраўняцца можа?.. Бо ў гэтым караваі: ад сямі палёў пшаніца, ад сямі крыніц вадзіца, ад сямі каровак масла. Няхай доля будзе шчаснай…»


Шчаснай долі, моцнага здароўя, дабрабыту і ўсяго найлепшага ў жыцці пажадалі ў адказ хлебаробам кіраўнік і галоўны аграном гаспадаркі, пасля чаго яны разам з усімі працаўнікамі прынялі ўдзел у народным абрадзе ачышчэння вадой і благаслаўлення на здароўе, на дабрабыт, на будучае жніво…


Выконваліся на свяце дажынак і іншыя народныя абрады, звязаныя з заканчэннем жніва і новым ураджаем. Быў і вянок з апошняга жыта, які ўрачыста ўручалі кіраўніку гаспадаркі, а яшчэ ў полі жнеі звівалі так званую «бараду», падвязвалі недажатыя каласкі, клалі пад іх хлеб і соль і гаварылі: «Дай, Божа, каб на будучае лета жыта ўра-дзіла. Ніўка, ніўка, аддай маю сілку на другую ніўку! Судзі, Божа, на другое лета жаці і ядранейшае, і гусцейшае жыта…»


У гэтых магічных словах праяўляецца імкненне хлебаробаў уздзейнічаць на зямельку, забяспечыць у будучым плён працы па збору ўраджаю. У гэтых словах – само жыццё, яго сэнс і галоўная каштоўнасць. Матэрыяльна ж усё гэта ўвасабляецца ў хлебе надзённым на нашых сталах, а людзі, якія яго вырошчваюць, заслугоўваюць асаблівай пашаны. Гэта і было галоўным на свяце дажынак.


У. Жураўлёў.
На здымках: фрагменты свята.
Фота У. Хамца. 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *