Мая родная вёсачка Шарын


Прачытала ў раённай газеце пра в. Востраў і ўспомніла сваю родную вёсачку. Яна размешчана паміж лясоў, на захад ад Ельска, і называецца Шарын.
Вёска Шарын вядома з 18-га стагоддзя. Раней гэта быў маёнтак багатага дваранскага роду Сулістроўскіх. Ішоў час, усё мянялася. Я успамінаю яе такою, якой яна была ў маім дзяцінстве, юнацтве…


На ўскраіне сяла – «ясакар», крыжык. Там збіраліся старыя і маладыя, былі смех і жарты. Непадалёку, на ўзгорку, біла крынічка. Уся вёска патанала ў садах, амаль што і хат не было відаць. Гаспадарлівыя людзі там жылі.


У 1930 годзе ў вёсцы быў створаны калгас «Чырвоны араты». З цягам часу назвы гаспадаркі мяняліся, а затым калгас увайшоў у склад саўгаса «Ельскі».


Працавітыя людзі жылі ў Шарыне. За добрую працу вяскоўцы шмат узнагарод атрымалі. Жывёлагадоўчая ферма займала першае месца ў раёне, а загадвала ёю Ганна Нічыпараўна – дабрэйшай душы чалавек. У час яе кіраўніцтва фермай даярка Валянціна Віктараўна Пугач атрымала ганаровую ўзнагароду – ордэн Леніна.


А колькі з вёскі выйшла настаўнікаў, дактароў, ваенных і проста добрых працаўнікоў! Людзі ў Шарыне не толькі працавітыя, але і мэтанакіраваныя, напорыстыя, яны не згіналіся пад жыццёвымі няўзгодамі.


Хлопцы ў вёсцы былі як дубы – рослыя, шыракаплечыя. Цяпер драбнейшы народ расце… А якія дзяўчаты былі прыгожыя! Амаль у кожнай хаце па дзве, тры, а то і пяць сясцёр, і ў цёткі Алены, і ў Каці, і ў Ганны, і ў Мар’і, і ў Агаты, і ў Просі, і ў Агапкі, і ў Марылі… Дзяўчатам давалі незвычайныя імёны. Такія імёны ў другіх вёсках рэдка сустракаліся: Праксэда, Мальвіна, Клара, Роза… Вось апошняе імя адпавядала назве кветкі – прыгожая была як ружа.


І яшчэ адна адметнасць у шарынскіх людзей: яны вельмі зычна гавораць – галасістыя. Напрыклад, калі гаварыў дзед Клімочак на старой вуліцы, то чуваць было на «новым сяле», а калі сварыліся Наталля з Кацярынаю на «новым сяле», то чутно было аж у канцы старой вуліцы.


Напэўна, урадлівая такая зямля і паветра чыстае ўзгадавалі такіх людзей.


Умелі працаваць, умелі і адпачываць. У клуб на канцэрты ішлі сем’ямі. Доўгі час загадчыкам клуба працаваў паважаны ў вёсцы чалавек – Мурашка Лук’ян. Ён умеў арганізаваць моладзь. Былі свае самадзейныя артысты. А калі на сцэне спяваў Валодзя Галышаў – слухалі затаіўшы дыханне:


Родна маці мая, ты начэй недаспала,
Ты вадзіла мяне на палі – край сяла.
І ў дарогу далёку ты мяне на зары праважала,
І рушнік вышываны на шчасце, на долю дала…


Многія хлопцы і дзяўчаты хораша спявалі: Лук’ян Мурашка, Рыгор Шынкарчук… Галасіста спявае і Лук’ян Заяц, яго ведае ўвесь раён, а карані яго з Шарына.
Былі свае музыканты: Рыгор Грамовіч, Уладзімір Рынгоўскі і іншыя.


Калісьці была вялікая вёска, шмат жыхароў, ферма, брыгада… Цяпер жа ў вёсцы лічаныя людзі жывуць, нізенькія хаты стаяць сям-там. Раз’ехаліся вяскоўцы хто куды, але на Радаўніцу прыязджаюць, сустракаюцца, успамі-наюць былыя часы. Шчыміць у душы па тым, чаго ўжо не вернеш, і жывеш успамінамі тых добрых, шчаслівых імгненняў.


Аліна Шпакова.



1 комментарий по теме “Мая родная вёсачка Шарын

  1. Мой дзед Рыгор Бычкоўскі таксама нарадзіўся ў гэтай вёсцы. Напішыце, калі ласка, хто пра няго штосьці ведае, на Jankowski612@gmail.com

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *