Патэнцыял Прыпяцкага Палесся неабходна задзейнічаць максімальна

Местные власти

Вялізны патэнцыял Прыпяцкага Палесся, які не выкарыстоўваецца, неабходна за-дзейнічаць у максімальнай ступені. Аб гэтым заявіў 15 студзеня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па праекту Дзяржаўнай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся на 2009–2015 гады.


Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэтыя тэрыторыі багатыя на карысныя выкапні, тут ёсць бурыя вуглі і гаручыя сланцы, торф і сапрапелі, каменная і калійная солі, мінеральныя і тэрмальныя воды, розныя віды будаўнічых матэрыялаў. «Гэтыя і іншыя прыродныя рэсурсы з максімальнай карысцю павінны працаваць на эканоміку краіны, задавольваць патрабаванні не толькі ўнутранага, але і знешняга рынкаў. Усё актыўней замяшчаць імпартуемую сыравіну. Быць асновай зніжэння сабекошту айчыннай прадукцыі, а значыць, павышаць яе канкурэнтаздольнасць», – падкрэсліў Прэзідэнт.


Акрамя таго, унікальная экасістэма рэгіёну, якая ўключае найбуйнейшы ў Еўропе лесабалотны комплекс і пойму ракі Прыпяць. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што тут вялізныя магчымасці для развіцця розных відаў турызму і адпачынку. «Грошы, як кажуць, ляжаць пад нагамі, а мы з-за сваёй непаваротлівасці іх страчваем», – сказаў беларускі лідэр.


Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу таксама на тое, што неабходна забяспечыць занятасць мясцовых жыхароў, выкарыстоўваць іх працу больш рацыянальна і эфектыўна на тэрыторыі рэгіёну, каб яны не папаўнялі рады гастарбайтараў і беспрацоўных.


З улікам гэтых фактараў і існуючых сур’ёзных рэгіянальных праблем яшчэ ў верасні 2008 года ўраду было даручана распрацаваць комплексную праграму выкарыстання наяўных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся. Прэзідэнту ўнесены на разгляд праект Дзяржаўнай праграмы сацыяльна-экана-мічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся на 2009–2015 гады. Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, распрацоўка гэтага дакумента крыху зацягнулася, паколькі ўжо зацверджаны бюджэт 2010 года, а абмяркоўваецца праект праграмы з 2009 па 2015 год.


Аднак занепакоенасць выклікае не столькі марудлівасць распрацоўшчыкаў праграмы, колькі прынцып, па якім яна складзена. «Складаецца ўражанне, што аўтары праекта імкнуліся ўключыць у яе як мага больш мерапрыемстваў, і больш затратных, часам нават механічна пераносячы іх з іншых, ужо дзеючых дакументаў», – сказаў Прэзідэнт. «Што мы будзем прапісваць тут праграму развіцця прамысловасці, развіцця вёскі, малых і сярэдніх гарадоў. Яны ў нас прыняты і ў рамках іх будзе развівацца Палессе. Трэба было ўключыць у праграму тое, што датычыцца менавіта Палесся, тое, што немагчыма знайсці ні ў адной іншай праграме», – дадаў кіраўнік дзяржавы.


«І самае галоўнае – трыльёны рублёў, дзе вы грошы возьмеце, тым больш бюджэтныя? Вырашылі ісці па прынцыпу: прасі больш – дадуць менш?» – звярнуўся Прэзідэнт да распрацоўшчыкаў праграмы. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўся адказнасць як за рэалізацыю праграмы, так і яе фінансаванне ў першую чаргу ляжа на мясцовую ўладу. «Пачніце планаванне з таго, што павінен зрабіць кожны жыхар рэгіёну, прамысловае прадпрыемства, раённы цэнтр. А мы будзем толькі дапамагаць, – сказаў Прэзідэнт. – Праграма павінна быць простай і зразумелай».


Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што вялізныя тэрыторыі Прыпяцкага Палесся сёння не працуюць на краіну. «Вялізныя кіламетры, а мы ад гэтага нічога не атрымліваем», – сказаў ён і падкрэсліў, што трэба максімальна выкарыстоўваць гэтыя землі, каб яны прыносілі даход.


Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу таксама на тым, што ў гэтым годзе, аб’яўленым ў краіне Годам якасці, галоўным крытэрыем павінна стаць менавіта якасць. «Проста так-сяк нікому не трэба. Калі гэта аб’ект, то ён павінен выглядаць, як цацка, і ўсё вакол павінна выглядаць адпаведна, – адзначыў кіраўнік дзяржавы. – Калі мы ствараем нешта новае – гэта павінна быць на стагоддзе наперад па якасці».


БЕЛТА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *