Як Алесь шукаў настрой


У кожнага чалавека бываюць такія хвіліны, калі ежа нясмачная і жонка чагось бубніць, кот любімы і той ходзіць па хаце і моцна тупае па падлозе лапамі. Трэба ехаць шукаць настрой. Клічу сябра, і мы накіроўваем свайго «жалезнага каня» куды вочы глядзяць – у край запаветны, у старану зашырскую.


Не так даўно дождж і мароз, што незразумелым чынам апынуліся у адной вупражы, упрыгожылі ўсё наваколле ўздоўж нашага шляху ў зімовы крышталь. Ззянне нахіленых ледзяных дрэў і кустоў нагадвалі казкі пра Марозка і Снежную Каралеву.


Не прайшло і гадзіны, як расчыніў перад намі свае дзверы ўтульны Зашырскі культурна-спартыўны цэнтр. Прыгажуні дзяўчаты, хлапцы, бабулі і кабеты добразычліва вітаюцца з намі, хоць наўрад ці мы калі былі знаемы. Займаем месцы ў зале, чакаем пачатку дзеяння. Свабодныя месцы вельмі хутка сталі запаўняцца, пры ўсім тым, што ўваход на праграму не бясплатны. Акорд, яшчэ акорд…


Заслона паднялася – і пачалася казка. У аднаго цара было тры сыны, і прыйшоў ім час жаніцца. Пакуль царэвічы шукалі сваё шчасце, на сцэне ім дапамагалі і перашкаджалі Чырвоная Шапачка, асілкі, Баба Яга, маленькія прыгожыя сняжынкі, казачныя жывёлы і многія, многія іншыя персанажы розных казак. Яны выходзілі ў гэты вечар на сцэну з адной мэтай – каб падняць добры настрой гледачам, і ім гэта ўдалося. Усе дзеючыя асобы спявалі песні, якія ведаюць усе пакаленні і ўзросты, танцавалі, вельмі тонка і добра жартавалі. У казцы калектыў Зашырскага КСЦ выконваў толькі ролі сказачных персанажаў. Сваімі вакальнамі здольнасцямі падымалі настрой аднавяскоўцам і гасцям (а іх прысутні-чала больш за сто чалавек) юныя зорачкі эстраднай студыі «Музыка для ўсіх». Шыкоўна аформленая сцэна, рознакаляровыя багатыя касцюмы, прыгожыя галасы – усё гэта было падаравана тым, хто наведаў канцэртную праграму. А казка, як і павінна быць, закончылася добра: усе ажані-ліся і жылі доўга і шчасліва.
Як імгненне праляцелі дзве гадзі-ны канцэртнай праграмы. І куды па-дзеўся мой дрэнны настрой? Раптам я ўспомніў, што дзесь хвалюецца прыгажуня жонка, што чакае мяне дома мой чатырохногі сябра канапа. А ехаць так не хацелася, бо здавалася, што зараз ускалыхнецца заслона і пачнецца другая частка гэтага цудоўнага свята.


А ці засталіся шчаслівымі гледачы?


Паліна, мясцовая жыхарка:


– У нас заўсёды канцэрты вельмі падрыхтаваныя. Вы бачылі, як выступалі дзеці, якая была сцэна, якія касцюмы. Усё на вышэйшым узроўні. Вялікі дзякуй Яўгеніі Аляксандраўне Шадрынай за тое, што яна столькі часу аддае нашым дзецям і ўвогуле шмат чаго робіць для Зашыр’я.


Аляксандр, мой сябра:


– Вельмі добрая пастаноўка. Еду дадому з масай станоўчых эмоцый.


P.S. У час ходу канцэрта я заўважыў сярод гледачоў тры вядомыя ў нашым раёне асобы. Прыехалі яны на свята інкогніта ці па запрашэнню, мне невядома. Але па тым, як яны выказвалі словы ўдзячнасці рэжысёру праграммы Яўгеніі Шадрынай, можна канстатаваць, што канцэрт прайшоў на высокім узроўні.


Алесь Таполя.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *