Хай будзе мірным жыццё

Образование

Нялёгка даводзіцца нам збіраць матэрыял пра воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія пабывалі ў свой час пад пякучым сонцам Афганістана. Няёмка, а часам неяк і боязна пытацца ў іх, як там было, што бачылі і перажывалі… Гэта яшчэ раз даводзіцца ім вярэдзіць душэўныя раны, якія ўжо крыху зацягнуліся, але ўсё ж час ад часу смыляць, баляць… Таму хочацца проста помніць і ведаць тых, каму пашчасціла вярнуцца жывым з той жудаснай, бязлітаснай афганскай вайны, хочацца проста паважаць тых, хто выстаяў і душэўна не зламаўся.


Васіль Аляксеевіч Хацько, жыхар вёскі Валаўск, нарадзіўся на Міншчыне, у вёсцы Камуна Любанскага раёна. Калі Васілю было паўтара года, бацькі пераехалі на радзіму маці – у вёску Баравое Лельчыцкана раёна. Акрамя Васіля, у бацькоў Лідзіі Апанасаўны і Аляксея Фаміча Хацько нарадзіліся яшчэ трое дзяцей – дзве дзяўчынкі і хлопчык.


У вёсцы Баравое і прайшло ўсё дзяцінства і юнацтва Васіля Аляксеевіча. Пасля заканчэння Бараўской сярэдняй школы юнак уладкаваўся працаваць рабочым у геалагічную брыгаду. Затым, у 1978 годзе, прызвалі ў армію, служыў у 103-й паветрана-дэсантнай віцебскай дывізіі.


Васіль Аляксеевіч успамінае, як 3 снежня 1979 года іх, маладых хлопцаў, паднялі па трывозе і накіравалі ў зону чакання, якая знаходзілася каля аэрадрома пад Віцебскам, а ўжо 7 снежня самалётам адправілі ў Балхаш (Казахстан), там яны былі аж  да канца снежня. 29 снежня, у 12 гадзін, па сігнале «трывога» маладых байцоў даставілі ў горад Баграм у Афганістане.


У ліпені 1980 года Васіль Хацько быў дэмабілізаваны і вярнуўся дадому. Дома чакала радасная і шчаслівая сустрэча з роднымі, якія верылі ў лепшае і чакалі яго вяртання, нягледзячы на тое, што многім ужо прышлі жудасныя тэлеграмы.


Як гаворыць Васіль Аляксеевіч, дзень 15 лютага для яго асабіста азначае сустрэчу з таварышамі-афганцамі, з якімі хоць разам і не ваявалі, але навекі паяднаны агульным лёсам і агульнымі ўспамінамі.


Пасля вяртання дадому і нядоўгага адпачынку Васіль Хацько вярнуўся на ранейшае месца работы, а ў 1983 годзе адвучыўся ў Мазырскім тэхнічным вучылішчы № 84 на падрыўніка на геафізічных работах. Па спецыяльнасці працаваў яшчэ аж да 1991 года.


У 1984 годзе Васіль Хацько сустрэў у вёсцы Валаўск, дзе стаяла геалагічная брыгада, сваю палавінку – Акуліч Любоў Фёдараўну. Ажаніўшыся з ёю, застаўся жыць у Валаўску і працаваць у саўгасе «Валаўскі». Любоў Фёдараўна цяпер працуе прадаўшчыцай у магазіне. З ёю яны вырасцілі дваіх дзяцей – дачку Анастасію і сына Дзмітрыя. Дзеці выбралі сабе дарогу настаўнікаў. Дачка Насця пасля заканчэння Мазырскага дзяржаўнага педуніверсітэта працавала настаўніцай пачатковых класаў, затым выхавацелем у дзіцячым садку ў Мазыры. Зараз яна знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску, на радасць усім родным нядаўна нарадзіла сына Уладзіка.


Сын Васіля і Любові Хацько Дзіма таксама заканчвае педагагічны ўніверсітэт, зусім нядаўна ажаніўся. Васіль Аляксеевіч і Любоў Фёдараўна вельмі хочуць, каб у іх дзяцей удала склалася жыццё і быў шчаслівы лёс, а войны і няшчасці ніколі не кранулі іх сваім чорным крылом.


Ганна Гаўрылава.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *