Мая вёска ганарыцца сваімі славутымі землякамі

Общество

Вёска Дзвіжкі знаходзіцца ў 7 кіламетрах на поўдзень ад Ельска. Узнікла яна ў першай палове ХІХ стагоддзя і належала ўладальнікам маёнтка Рамязы Стоцкім.


Спачатку ў вёсцы была толькі адна вуліца Старое Сяло, якая пачыналася ад хаты Радзівона Петрухна і заканчвалася ўзгоркам, дзе цяпер магазін. Нанач вуліца зачынялася варотамі. Паступова ў вёску перасяліліся людзі з хутароў Борак, Жучкі, Малуша, Селішча і іншых, усяго з пятнаццаці хутароў. Старажылы гаварылі, што ад частага перасялення сюды-туды і назва вёскі пайшла.


Нямала ў Дзвіжках было і ёсць цікавых людзей з непаўторнымі лёсамі. Жыў у вёсцы Іван Герасімавіч Семяненка. Падлеткам ён бачыў, як княгіня са сваімі слугамі ехала праз Дзвіжкі ў Боўгарку. Давялося Івану Герасімавічу ваяваць у царскай арміі, пабываў ён у палоне ў туркаў, за добрую службу ён меў узнагароды. Чытаў царкоўную літаратуру, быў чалавекам мудрым і разважлівым, цікавым суразмоўцам. 


Вёска ганарыцца сваімі славутымі землякамі.


Віктар Іванавіч Каляснёў, кандыдат эканамічных навук, дацэнт Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, аўтар 115 навуковых работ.
Аляксей Радзівонавіч Петрухно, мастак, член Беларускага саюза мастакоў. Працаваў у розных жанрах (станковага жывапісу, графіцы ў тэхніках афорта, малюнка, акварэлі). Яго работы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі. Пасля смерці мастака яго жонка Людміла Шлег арганізавала выстаўку яго работ, выпусціла альбом яго малюнкаў.
Шмат дзвіжкаўцоў сталі ваеннымі, настаўнікамі, урачамі. Нямала было ў вёсцы сем’яў, у якіх дзеці атрымалі вышэйшую адукацыю (Сарокіны, Семяненка, Казак, Каляснёвы, Петрухно і іншыя).


Жыхары вёскі былі дбайнымі гаспадарамі, шчыра сябравалі. Адметнай рысай дзвіжкаўцоў была абарона свайго роду. Напрыклад, калі ў кагосьці быў сын зладзейкаваты ці дачка гуляшчая, то ўсё роўна радня закрые і абароніць ад людскіх нагавораў і наветаў.


Было ў в. Дзвіжкі некалькі карэнных прозвішчаў: Семяненка, Уласенка, Цімошчанка, Казак, Купрыенка, Петрухно, Бароўскія.


Многія працавалі ў першым калгасе «Чырвоныя Дзвіжкі».


Працяг чытайце на старонках газеты «Народны голас».



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *