Незагойная рана


Кожнаму народу гісторыя дае урокі, у якіх людзі глыбей спасцігаюць сутнасць свайго існавання на зямлі. Беларусам мудрая настаўніца дала такіх урокаў не меней, чым каму, а можа і болей. Чарнобыльская катастрофа стала папярэджаннем не толькі жыхарам «зямлі пад белымі крыламі», але і ўсяму чалавецтву: нельга быць неабачлівым у сваіх паводзінах і дзеяннях.


Чвэрць стагоддзя прайшла з таго часу, калі нашу жытнёвую, васільковую Беларусь атруцілі чарнобыльскія дажджы. Але час не залячыў пякельныя раны, нанесеныя Чарнобылем, не знішчыў памяць пра тых, хто паклаў жыццё, утаймоўваючы нябачную стыхію – радыяцыю.


26 красавіка ў Ельску, каля мемарыяльнага комплекса «Ахвярам ХХ стагоддзя», прайшоў  мітынг-рэквіем, прысвечаны 25-й гадавіне аварыі на  Чарнобыльскай АЭС. На мітынг сабралася мноства людзей, таму што кожнага на нашай Ельшчыне Чарнобыль закрануў сваім чорным атручаным крылом. Цёплае сонечнае надвор’е, жалобныя царкоўныя званы, сумныя музычныя кампазіцыі ў выкананні аркестра народных інструментаў Ельскай дзіцячай школы мастацтваў – усё гэта стварала тую асаблівую атмасферу, калі ў час буйнога росквіту вясны на нашу родную зямлю прыйшло страшнае гора.


Мінутай маўчання ўсе прысутныя на мітынгу ўшанавалі памяць загінуўшых пажарнікаў. Затым іерэй Георгій, настаяцель Храма Святой Жываначальнай Троіцы, у сваім выступленні выказаў спачуванні родным і блізкім загінуўшых, пажадаў усім, каб ніхто ніколі  не пачуў і не пабачыў падобных трагедый, каб Бог бярог і захоўваў наш беларускі народ.


Старшыня Ельскага райвыканкама Мікалай Процык у сваім выступленні адзначыў, што амаль чацвёртая частка (23,5 %) беларускай зямлі забруджана радые-нуклідамі. У лік найбольш пацярпелых раёнаў уваходзіць і Ельскі раён. Чарнобыльская катастрофа знішчыла з карты Ельшчыны 7 населеных пунктаў. Многа гектараў зямель раёна не выкарыстоўваецца з-за павышанага ўзроўню радыяцыі. Непакой выклікае і дэмаграфічная сітуацыя: у параўнанні з 1986 годам колькасць насельніцтва зменшылася амаль на дзесяць тысяч чалавек, нараджальнасць знізілася ў 4 разы.


Як адзначыў Мікалай Іванавіч, з мэтай ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС выконваецца шэраг дзяржаўных праграм: праводзіцца газіфікацыя і водазабеспячэнне населеных пунктаў, аздараўленне дзяцей і г.д.


Працяг чытайце ў газеце «Народны голас».


Ганна Гаўрылава.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *