Пра сумленнага чалавека


Калі скласці разам гады, адпрацаваныя на Ельскай мэблевай фабрыцы, Броні Аляксееўны Барысавай і яе мужа Уладзіміра Антонавіча, то атрымаецца больш за 80: 38 гадоў і 44 гады адпаведна.


Броня Аляксееўна працуе зменным майстрам на мэблевай фабрыцы. У яе падначаленні знаходзіцца тры брыгады: брыгада шліфавальшчыкаў, брыгада сталяроў-падгоншчыкаў і брыгада сталяроў-зборшчыкаў. Майстар сочыць за работай усіх сваіх падначаленых, кантралюе якасць вытворчасці, нормы выпрацоўкі, сочыць за выкананнем правілаў тэхнікі бяспекі, за працоўнай дысцыплінай і г.д. Абавязкаў вельмі многа, і Броня Аляксееўна стараецца выконваць іх адказна і сумленна. Да сваіх падначаленых жанчына заўсёды знаходзіць падыход, і ў калектыве яе ўсе паважаюць за чэснасць і справядлівасць.


Муж Броні Аляксееўны Уладзімір Антонавіч працуе на прадпрыемстве больш за 40 гадоў сталяром-падгоншчыкам. У адной брыгадзе з бацькам шчыруе і адзін з сыноў Барысавых – Аляксандр. Ён, дарэчы, студэнт-завочнік Горкаўскай сельскагаспадарчай акадэміі. Старэйшы сын Сяргей таксама працаваў у брыгадзе сталяроў аж 15 гадоў. Але некалькі месяцаў назад перайшоў працаваць у фабрычную кацельню.


Як расказвае Броня Аляксееўна, уся сям’я працуе на мэблевай фабрыцы (хіба што, акрамя нявестак), аб’яднана агульнымі інтарэсамі і праблемамі. На пытанне, ці цяжка жанчыне працаваць зменным майстарам, яна адказвае: «Калі работа падабаецца, то яе зусім няцяжка выконваць, тады яна толькі радасць прыносіць. Ды і прывыкла я працаваць з людзьмі…»


У Броні Аляксееўны многа работы, многа клопатаў дома па гаспадарцы, але ж і вольныя хвіліны надараюцца. «Я люблю шыць і вязаць, – гаворыць жанчына, – а яшчэ люблю праводзіць час з унукамі, якіх у мяне чацвёра: Арцём, Дзіма, Дамініка і Максім. Сыны з сем’ямі жывуць у Ельску, а на выхадныя прыяз-джаюць да мяне ў Пільшчык і прывозяць дзяцей».


Спалучаць работу і клопаты пра родных, адказна адносіцца да любой даручанай справы – усё гэта ўласціва Броні Барысавай, на-дзейнаму і сумленнаму чалавеку.


Ганна Гаўрылава.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *