Мы паедзем, паспяваем…


Удзельнікаў агітбрыгады аўтаклуба аддзела культуры выдатна ведаюць жыхары не толькі вялікіх вёсак нашага раёна, але і маленькіх. Аўтаклуб з’яўляецца частым і вельмі жаданым госцем у вёсках, дзе людзей пражывае па колькасці ад двух чалавек да некалькі дзесяткаў. Пра дзейнасць аўтаклуба непасрэдна ў такіх населеных пунктах расказвае яго дырэктар Васіль Музычэнка:



– Калі ў вялікіх вёсках ў жыхароў ёсць магчымасць схадзіць у клуб, наведаць нейкае мерапрыемства ці проста сустрэцца і пагутарыць з аднавяскоўцамі, то ў нашым раёне ёсць і такія вёскі, дзе наогул няма клубнай установы. Таму выступленні нашых артыстаў там як свята. Жыхары вёсак заўжды стараюцца прыйсці на канцэрт і звычайна вельмі ўдзячныя за падораныя ім хвіліны радасці. Яны ўжо добра ведаюць нашых самых актыўных удзельнікаў: Таццяну Драпей, Любоў Мчэдлідзе, Людмілу Лядзіну і інш.


– Васіль Іванавіч, як у вас  арганізоўваюцца выступленні ў далёкіх маланаселеных вёсках?


– Звычайна мы працуем па раней распрацаваным плане. Кожны месяц рыхтуем тэматычную канцэртную праграму і з ёю ездзім па вёсках. Дамаўляемся з загадчыкамі клубаў, каб папярэдзілі жыхароў аб канцэрце. Але ж, канешне, жыццё ўносіць свае карэктывы, таму часта нам даводзіцца выступаць пазапланава. Напрыклад, калі ў гаспадарках раёна ці сельсаветах праводзяцца сустрэчы з прадстаўнікамі мясцовай улады, кіраўнікамі ўстаноў, прадпрыемстваў і арганізацый горада, нас таксама запрашаюць выступіць.
Яшчэ трэба заўважыць, што найбольш спрыяльны час нашых выступленняў – цёплая пара года, таму што, зразумела, нам даводзіцца выступаць на імправізаваных сцэнах і на вуліцы, і на аўтобусных прыпынках і г.д.


– Якая праграма запланавана ў вас на май?


– У маі мы адзначалі Дзень Перамогі, таму і распрацавалі тэматычную канцэртную праграму пад назвай  «Дарогамі вайны». З ёю мы ўжо выступалі ў такіх вёсках, як Мядзведнае, Роза Люксембург. Хутка паедзем у Чэрцень, Дзвіжкі, Карму.


Апошнім часам у нас практыкуюцца сумесныя выезды ў маланаселеныя вёскі агітбрыгады аўтаклуба, работнікаў раённага цэнтра рамёстваў і работнікаў цэнтральнай бібліятэкі. У жыхароў вёсак ёсць цудоўная магчымасць паслухаць канцэрт, наведаць выстаўку розных вырабаў і пачытаць літаратуру.


– Дзякуй, Васіль Іванавіч, за гутарку. Поспехаў вам, натхнення і ўдзячных гледачоў і слухачоў.


Ганна Гаўрылава.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *