Плённая праца на зямлі


Уладзімір Давідзюк з КСУП «Саўгас «Камуніст» мае ўжо 20 гадоў працоўнага стажу механізатара. З 2005 года Уладзімір, ураджэнец Жыткаўшчыны, жыве і працуе на зашырскай зямлі. Адказны і сумленны працаўнік, ён заслужана карыстаецца павагай і аўтарытэтам сярод работнікаў і кіраўніцтва гаспадаркі. Нездарма яму даручылі два гады назад новы трактар Т-8040 амерыканскай вытворчасці. З гэтай магутнай тэхнікай у трактарыста склалі-ся добрыя стасункі.


– Добра працаваць на такім трактары, – адзначае Ула-дзімір Давідзюк. – У кабіне створаны ўсе ўмовы для нармальнай работы: працуе кандыцыянер, зручна сядзець за рулём. Канешне, патрэбны ж і адпаведны догляд за тэхнікай, тады яна не падвядзе, у любую пару года будзе працаваць без паломак. Вось ужо хутка будзе два гады, як я працую на гэтым вялізным трактары, і асаблівых праблем з ім не было. Вось і гэтай вясною мы кожны дзень працуем: рыхтуем глебу, падсяваем кармавыя сумесі, сеем зерне.


У той дзень, калі мы размаўлялі з Уладзімірам Давідзюком, ён быў заняты на сяўбе яравой пшаніцы. На чарзе – кукуруза, якой у гэтым годзе патрэбна засеяць аж 2000 гектараў палеткаў: частка яе пойдзе на зялёную масу, частка – на зерне.


Работы ў КСУП «Саўгас «Камуніст», як і ў іншых гаспадарках раёна, дастаткова, асабліва вясной. Нездарма ж у народзе гавораць, што вясенні дзень год корміць. Таму, каб дабіцца добрага, шчодрага ўраджаю, працаўнікі гаспадаркі шчыруюць кожны дзень ад світання да заходу сонца. Але на гэта яны не скардзяцца, таму што добра арганізавана гарачае харчаванне двойчы на дзень, ды і зарплата нядрэнная павінна быць. А галоўнае – усе працаўнікі разумеюць важнасць, своечасовасць, неабходнасць сваёй працы, працы на зямлі.


Ганна Гаўрылава.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *