Мы не падвядзём!


Добрых поспехаў на ўборцы зерневых кожны год дасягае камбайнер з КСУП «Ельск» Аляксандр Казлоў. Сур’ёзнае стаўленне да работы, адчуванне ўсёй важнасці справы, ды і немалы вопыт (восьмы год ужо працуе на камбайне), працалюбівасць і самастойнасць дазваляюць Аляксандру быць адным з лепшых у раёне працаўнікоў-хлебаробаў.


У час нашай сустрэчы Аляксандр рамантаваў кандыцыянер. «Гэта самае галоўнае ў летнюю спёку ў камбайне, – адзначыў малады камбайнер. – Дзякуючы кандыцыянеру, у раскаленай машыне лягчэй дыхаецца і здаравей сябе адчуваеш».


Камбайн КЗС-10 у маладога чалавека амаль новы: трэці сезон толькі ён працуе на жніўным полі. А таму і не часта яго даводзіцца рамантаваць, а гэта таксама многа значыць.


Напарнікам у Аляксандра працуе яго цёзка – Аляксандр Гуд. Ужо другі год хлопцы працуюць разам, з’яўляюцца маладым экіпажам на ўборцы зерневых. Працуюць зладжана, падтрымліваюць і выручаюць адзін аднога. Малодшы камбайнер Саша Гуд спалучае прыемнае з карысным: у час летніх канікул (ён – студэнт-трэцякурснік Беларускага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта) працуе ў КСУП «Ельск». У Аляксандра, дарэчы, амаль уся сям’я працуе ў гэтай гаспадарцы. Бацька Аляксей Міхайлавіч і брат Арцём – яшчэ адзін экіпаж у гэтай гаспадарцы ў час жніва.


Маладзёжны экіпаж двух Аляксандраў – Казлова і Гуда – у мінулым годзе стаў пераможцам раённага спаборніцтва за дасягненне найлепшых паказчыкаў на ўборцы зерневых і зернебабовых культур. Спадзяюцца хлопцы на перамогу і ў гэтым годзе. «Каб толькі надвор’е было спрыяльным і тэх-ніка не падводзіла, а мы не падвядзем», – запэўнілі нас маладыя камбайнеры.


Ганна Гаўрылава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *