«Я – за такую любоў!»


Жнівеньскае ранішняе сонца ў адзін момант разагнала густы туман, пад якім быў схаваны блакіт Бабруйскага вадасховішча, аднаго з найпрыгажэйшых азёраў нашай Ельшчыны.  Расчараваныя няўдалай рыбалкай, мы з сябрам ужо збіраліся дадому, калі да нашага слыху данесліся моцныя гукі музыкі. Зацікаўленыя, мы падаліся ў вёску…


На гукі музыкі ля вясковага клуба збіраўся народ. У вочы адразу кінулася тое, што і бабулі, і дзядулі, і маладыя пары – усе мелі святочны выгляд. Засаромеўшыся свайго «рыбацкага» выгляду, мы адышлі ў старонку і вырашылі паглядзець, што ж будзе адбывацца далей. Пры-знаўшы ў нас нетутэйшых, да нас падышоў вясёлы мужчынка (такія ёсць у кожным населеным пункце), які з хуткасцю спартыўнага каментатара пазнаёміў нас завочна з усімі мясцовымі жыхарамі  і ўсімі падзеямі апошніх дзесяцігоддзяў, а таксама, што мы акурат трапілі на пачатак святкавання Дня вёскі, якое адбываецца толькі раз на год, таму і з’ехалася сюды столькі народу.


І вось на авансцэне з’явілася вядучая, у якой мы адразу прызналі дырэктара Млынокскага КСЦ Марыну Шчарбакову, якая распавядала ўсім гасцям пра стварэнне вёскі Бабруйкі і пра тое, што малая радзіма – гэта тое месца, дзе ты нарадзіўся, зрабіў першыя крокі, пайшоў у школу, знайшоў сапраўдных і верных сяброў. А яшчэ гэта тое месца, дзе чалавек стаў Чалавекам, навучыўся адрозніваць добрае ад  дрэннага, ствараць прыгажосць там, дзе пачуў першыя словы і песні. І гэтага забываць нельга ніколі. Для адкрыцця Дня вёскі вядучая запрасіла кіраўніка справамі Млынокскага сельскага Савета Таццяну Мымрыну, якая павіншавала прысутных са святам, пажадала ім моцнага здароўя, шчасця і даўгалецця, а таксама пачаставала іх караваем. Віншаванні і музычныя падарункі гучалі для імянінніцы – Лідзіі Пятроўны Белашыцкай, маці воіна-інтэрнацыяналіста, загінуўшага ў час выканання воінскага абавязку ў Афганістане; Марыі Букінай, якой напярэдадні  свята споўніўся адзін годзік; Лукер’і Фёдараўны Гузоўскай – старажыла Бабруек і для ўсіх-ўсіх. Пакуль маладыя і старыя падпявалі артыстам, прымалі ўдзел у латарэі, самыя малыя жыхары і госці «атакавалі» атракцыён і аўталаўку.


Працяг чытайце ў газеце «Народны голас».


Алесь Таполя



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *