Пра цікавага чалавека і добрага кіраўніка


За сваю шматгадовую працу ў галіне сельскай гаспадаркі мне даводзілася сустракаць розных кіраўнікоў. Кожны з іх быў па-свойму цікавым і прыемным субяседнікам, па-рознаму адносіўся да сваіх абавязкаў і простых людзей. Трапляліся вельмі важныя, узвышаныя асобы, з якімі не вельмі хацелася весці якуюсьці гаворку ці больш падрабязна разважаць пра свае справы і жыццё. З цягам часу, набыўшы нямалы жыццёвы вопыт, я навучыўся разбірацца ў людзях. Зараз, перакінуўшыся з чалавекам некалькімі словамі, я магу адразу вызначыць, што ўяўляе сабою гэты чалавек, ці можна з ім весці размову далей, куды накіраваныя яго думкі і што наогул ён ведае пра жыццё.


Менавіта таму на старонках нашай газеты мне хочацца расказаць пра вельмі цікавага і таленавітага чалавека, кіраўніка адной з раённых навучальных устаноў, дырэктара школы-інтэрната Якава Ліпскага. Я ведаю яго на працягу 25 гадоў, і ўвесь гэты час ён не перастае мяне здзіўляць шматграннасцю сваёй натуры, душэўнай прыгажосцю і чалавечнасцю. Якаў Дзмітрыевіч увабраў у сябе ўсе лепшыя рысы чалавека і кіраўніка. Да любой справы ён падыходзіць з думкамі аб тым, як лепш зрабіць, каб гэта было якасна, прыгожа і карысна людзям, умее ажыццяўляць свае ідэі.


Прывяду толькі адзін прыклад. У мінулым годзе ў Ельску паўсюдна спільвалі старыя дрэвы. Былі такія і на тэрыторыі школы-інтэрната. Аднак там старыя таполі не пайшлі на дровы, а ператварыліся ў цудоўную грыбную паляну, побач з якой з’явілася размаляваная сцяна. Калі я пабачыў гэта, то быў вельмі ўражаны кемлівасцю Якава Дзмітрыевіча. Употай доўга разглядаў гэтую карціну і па-добраму зайздросціў творчаму поспеху гэтага чалавека. Сёлета каля школы-інтэрната з’явіўся незвычайны драўляны ўдаў і цудоўны фантан.


Дзякуючы намаганням Я.Д. Ліпскага шумяць лісцем маладыя дрэвы каля помніка «Ахвярам ХХ стагоддзя», на тэрыторыі школы-інтэрната красуе малады сад, які пасаджаны ў гонар нашага славутага земляка, доктара сельскагаспадарчых навук М.А. Кадырава. А яшчэ Якаў Дзмітрыевіч марыць аб тым, каб кожны жыхар Ельска пасадзіў каля свайго дома па аднаму садоваму дрэву, тым самым ператварыўшы свой горад у горад-сад.


Гледзячы на ўсё гэта, я вырашыў абавязкова напісаць пра Якава Дзмітрыевіча ў раённую газету, каб усе ведалі, што побач з намі жыве чалавек з няўрымслівай душою і вялікім сэрцам.


Рыгор БАБЧАНОК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *