Жыве Надзея ў Загацці


«Не фатаграфіруйце вы мяне ўжо доўга, а то прама баба-герой атрымаецца, – жартуе Надзея Мядзведзева, жыхарка невялічкай вёсачкі Загацце. Гэту жанчыну мы выпадкова сустрэлі на вясковай вуліцы. Яе хаты амаль не відаць сярод зелені і яркіх кветак.


– Вельмі кветкі люблю, таму многа іх і саджу, – расказвае Надзея Мікіцічна. – Ім зямля тут падабаецца, растуць такія высачэзныя. І ў агародзе ўсё расце…


Нягледзячы на ўзрост (На-дзея Мядзведзева з 1928 года), жанчына са сваёй гаспадаркай – куры, кот, сабака Туз, – хоць і невялікай, спраўляецца сама. І на градах усё неабходнае сее і садзіць. Калі патрэбна, на дапамогу заўжды прыйдуць дзеці і ўнукі. Адзін сын – Аляксей – жыве тут жа, у Загацці, двое сыноў – у Зашыр’і.


Жанчына выдатна помніць і вайну, і як у лесе хаваліся, і як маці ад тыфу памерла, і як яна, Надзея, замяніла маці сваім братам. Хапіла гора на ўсіх долю, як гаворыць Надзея Мікіцічна. Пасля вайны ўсё жыццё працавала ў калгасе. Мужа даўно няма, а яна ў сваёй хатцы жыве паціхеньку, як і большасць жыхароў у гэтай вёсцы.


– Мала цяпер жыхароў у Загацці, – жаліцца Надзея Мікіцічна, – можа, чалавек дваццаць засталося. А раней вёска вясёлая была: моладзі многа, дзяцей… Потым з’ехалі ўсе маладыя ў горад, а тут у асноўным старыя засталіся. Добра, што хоць аўталаўка заязджае. Старшыня сельскага Савета Ніна Аляксееўна Фяськова часта ў вёсцы бывае. Харошая яна жанчына, заўжды нашым жыццём цікавіцца…


Кожнаму чалавеку патрэбна ўвага, а пажылым людзям асабліва. Таму ўважлівыя і чулыя адносіны, узаемаразуменне і клопат заўжды высока імі цэняцца і выклікаюць давер.


Ганна Булаўка



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *