Лёгкая атлетыка

Спорт

Без перабольшвання можна сказаць, што для нашых юных спартсменаў Бабруйск – горад перамог. У чарговы раз навучэнцы Ельскай СДЮШАР паспяхова выступілі на легкаатлетычных спаборніцтвах, якія праходзілі там 30 верасня і 1 кастрычніка. У адкрытым першынстве горада Бабруйска і Магілёўскай вобласці па лёгкай атлетыцы сярод навучэнцаў 1998–1999 г. н. на прызы бронзавага прызёра Алімпійскіх гульняў Андрэя Міхневіча прынялі ўдзел пяць юнакоў і дзяўчат з нашага горада.


У спаборніцтвах па кіданні дыска не было роўных Вользе Бандзюк. Яе лепшая спроба – 26 м 64 см – дазволіла Вользе ўзыйсці на вышэйшую ступень п’едэстала, атрымаць залаты медаль, дыплом грашовую прэмію. У штурханні ядра дзяўчына таксама паказала добры вынік (9 м 82 см) і заваявала сярэбраны медаль.


Аляксандр Нікіцін, які нядаўна перамог на раённым легкаатлетычным кросе, у Бабруйску стаў лепшым адразу на дзвюх дыстанцыях: 600 м ён прабег за 1.41.1, а 1000 м – за 3.02.1. Ва ўрачыстай абстаноўцы Аляксандру былі ўручаны два залатыя медалі, дыпломы і грашовая прэмія.
Паспяхова выступіла на першынстве і Вераніка Свінціцкая. Два сярэбраных медалі заваявала яна на дыстанцыях 60 м (8.2 с) і 300 м (49.1 с).


У скачках у вышыню пятае месца заняла Юлія Смыкоўская (135 см), а Карына Дубадзел (130 см) – сёмае.


Віншуем нашых юных спартсменаў і іх трэнераў Ігара Захарава, Аляксандра Лапу і Віктара Бандарэнка з паспяховым выступленнем і жадаем ім новых спартыўных перамог. Легкаатлетычны сезон толькі пачаўся.


Марына Сугак



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *