СВЯТЫЯ ДЗЯДЫ, ЗАВЁМ ВАС: ХАДЗІЦЕ ДА НАС!

Религия

З даўніх часоў суботу лічылі спецыяльным днём ушанавання сваіх продкаў, і асабліва тыя суботы, якія папярэднічалі вялікім святам. Да нашых дзён знакамі асаблівай пашаны вылучаюцца: субота перад Грамніцамі, перад Масленіцай, субота перад Тройцай, субота перад Пятром і, нарэшце, Змітраўскія і Міхайлаўская суботы.


Дзяды – свята беларускага народнага календара, звязанае з памінаннем продкаў («дзядоў»). У славянскай міфалогіі «дзядамі» таксама называюць душы продкаў. Восеньскія Дзяды (3мітраўскія, Вялікія, Асяніны, Тоўстая вячэра, Хаўтуры) адзначаюцца ў лістападзе, але ў розных рэгіёнах у розныя дні (Міхайлаўскія Дзяды, Піліпаўскія Дзяды, 3мітраўскія Дзяды і інш.). У цэнтры абраду – вячэра ў памяць памерлых сваякоў. Рытуал Дзяды ў найбольш архаічнай форме захаваўся толькі ў беларусаў.


У гэты дзень усе хатнія мыліся ў лазні і пакідалі крыху вады і венік для Дзядоў. Не шкадуючы прыпасаў, гатавалі вячэру. Продкаў трэба было добра пачаставаць, інакш, як лічылася, яны нашлюць неўраджай і розныя няшчасці. Перад тым, як сесці вячэраць, гаспадар тры разы абыходзіў са свечкай стол, адчынялі вокны і дзверы і клікалі па імёнах продкаў.


У розных мясцінах на стол ставілі розную колькасць страў – дзе цотную, дзе няцотную (сем, адзінаццаць, дванаццаць), але, нягледзячы на гэта, у некаторых вёсках дазвалялася з’есці толькі тры стравы і выпіць тры чаркі. Сярод страў былі варанае і смажанае мяса, бліны, клёцкі, кісель, гарох з макавым малаком, крупнік з грыбамі або рыбай, верашчака з каўбасой ды інш. На стол ставілі так званыя Дзедаўскую чарку і Дзедаўскую міску, куды кожны з прысутных адліваў напоі і ад-кладаў ежу.


У час вячэры гаварылі толькі пра продкаў, успаміналі іх учынкі, парады. Пасля вячэры гаспадар казаў: «Святыя Дзяды, вы сюды прыляцелі, пілі, елі, ляціце ж цяпер да сябе!»  У многіх мясцінах на стале пакідалі рэшткі страў, бо лічылася, што душы продкаў будуць частавацца яшчэ да раніцы. Пасля заканчэння вячэры свечку тушылі хлебнай скарынкай або блінам. Iснавала прыкмета: калі дым пойдзе ўверх – добра, а калі нахілена, асабліва ў бок дзвярэй, то ў сям’і нехта памрэ. Паводле павер’я, калі не спаць ноч пасля Дзедавай вячэры, то можна ўбачыць Дзядоў.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *