Збор малака пад малдаўскія матывы


Яшчэ ў цемры нічагуткі не відаць, толькі чутно прыгожае меладычнае пасвістванне (гэта малдаўскія матывы!), якое сведчыць пра тое, што да хаты набліжаецца на кані Сяргей Кышлар, малаказборшчык з вёскі Валаўск.


Сяргей Кышлар трапіў у палескі край у пачатку 90-х гадоў з далёкай Малдавіі. Вялікая група маладых людзей прыехала на Ельшчыну апрацоўваць буракі. Большасць з іх засталася тут на ўсё жыццё. Толькі ў Валаўску налічваецца пад дзесятак сем’яў, дзе муж або жонка – малдаване. Аблюбавалі жыхары паўднёвай краіны нашу Беларусь, завялі тут свае сем’і, ураслі моцна карэннямі ў беларускую зямлю.


Сяргей Кышлар таксама ажаніўся тут, у Валаўску, займеў сям’ю, дзяцей. Яго родныя жывуць вельмі далёка: адна сястра ў Малдавіі, маці, дзве сястры і брат – аж ў Амерыцы. Сустрэчы бываюць вельмі рэдка: на радзіме Сяргей бывае прыкладна адзін раз у два гады. Як сам гаворыць, Беларусь ён вельмі палюбіў, тут лепш жывецца.


Увесь час Сяргей Кышлар працуе ў сельскай гаспадарцы. Апошнія пяць гадоў ён збірае малако ў Валаўску. Са сваімі абавязкамі спраўляецца добра, яго любяць і паважаюць у вёсцы. Рабочы дзень малаказборшчыка, як правіла, пачынаецца вельмі рана – у пачатку пятай гадзіны раніцы. Трэба ж аб’ехаць усю вёску, сабраць малако, каб своечасова адвезці на ферму, дзе яго забярэ малакавоз.


Сяргей Мікалаевіч добра ўжо прызвычаіўся да такой работы: рана ўстаць, пад’ехаць да кожнай хаты, дзе ёсць карова, забраць малако, праверыць яго на тлустасць.


Па словах работнікаў Валаўскага сельскага Савета, Сяргей Кышлар – надзейны малаказборшчык, які вельмі адказна ставіцца да сваёй работы. Пра гэта сведчыць тое, што малако практычна ўвесь час адпавядае патрэбным паказчыкам.


Ганна Гаўрылава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *