І людзям добра,і гаспадарцы – на карысць


Сем гадоў збірае малако ў жыхароў вёскі Дуброва Фёдар Гардзеевіч Трошка. Нязменным памочнікам у гэтай справе з’яўляецца яго жонка – Таццяна Мікалаеўна. Нават абавязкі ў іх падзеленыя: яна кіруе канём і запісвае, хто колькі здаў малака, а ён носіць і вылівае малако ў бочку.


Кожны дзень у Фёдара Гардзеевіча і Таццяны Мікалаеўны Трошка пачынаецца вельмі рана, у 5 гадзін раніцы. Ды гэта і зразумела, таму што трэба паспець і сваю хатнюю гаспадарку дагледзець, і вёску ўсю аб’ехаць, каб ужо ў 9 гадзін раніцы малако адвезці на ферму. Акрамя гэтага, улетку малако збіраюць у Дуброве двойчы – раніцай і вечарам.


Таццяна Мікалаеўна расказала, што ў вёсцы на сённяшні дзень 56 малаказдатчыкаў, а кароў  – 84. Ёсць гаспадары, якія трымаюць дзве, тры, а то і чатыры каровы. Так, чатыры каровы ў сям’і Таццяны Гуд, тры каровы – у Аляксандры Пархоменка і Валянціны Новік, многія сем’і трымаюць дзве каровы. Зразумела, што гэтыя гаспадары і з’яўляюца лідэрамі па здачы малака ў вёсцы. Усяго ж за студзень–верасень гэтага года ў Дуброве сабрана 226883 тоны малака.


Працуюць Фёдар і Таццяна хутка і зладжана, разумеюць адзін другога з паўслова і з паўпогляду: даў Бог, за трыццаць адзін год сумеснага жыцця навучыліся рабіць гэта выдатна.


Выхавалі дваіх дзяцей. Сын зараз жыве ў Зашыр’і, дачка – у Мазыры. Дзеці з унукамі прыязджаюць часта, дапамагаюць, калі трэба, па гаспадарцы. Гаспадарка ў сям’і Трошка даволі вялікая: дзве каровы, чацвёра свіней, саўгасны конь, якога глядзяць, як свайго, куры, качкі. З вясны да восені – яшчэ і агарод. Але ж гаспадары да работы прывычныя, не скардзяцца, бо ўсе, хто хоча добра жыць, многа працуюць.


Ганна Гаўрылава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *