Перабіраем бульбу, на чарзе – морква

Сельское хозяйство

У КСУП «Ельск» было пасаджана 15 гектараў бульбы. Нядаўна яе ўсю выкапалі і сабралі нядрэнны ўраджай – 305 тон. Ураджайнасць бульбы склала 203 цэнтнеры з гектара. Па дадзеных райсельгасхарчу на 27 кастрычніка, такая ўраджайнасць пакуль што самая высокая ў раёне.


На мінулым тыдні паляводы  КСУП «Ельск», беспрацоўныя з Ельска і некаторыя пенсіянеры перабіралі накапаную бульбу. Раней ім дапамагалі дзеці і работнікі Ельскай дапаможнай школы-інтэрната.


– Вялікую бульбу мы затарваем у сеткі, – расказала Таццяна Кулявец, памочнік брыгадзіра паляводчай брыгады, – і прадаём на кірмашах па выхадных. Яшчэ добрую бульбу адпраўляем у дзіцячыя сады і школы. Насенную бульбу пакуль сыплем асобна, пазней будзем адпраўляць хутчэй за ўсё ў сховішчы. А астатнюю – адвозім на корм жывёле.


Дарэчы, на кірмашах, якія праходзілі на працягу верасня і кастрычніка, КСУП «Ельск» прададзена 12384 тоны бульбы, за якую выручана больш за 16 мільёнаў беларускіх рублёў.


У КСУП «Ельск» капаюць ужо моркву. Большую частку морквы ўжо выкапалі. Перабіраць яе будуць адразу пасля таго, як разбяруцца з бульбай. Па словах Таццяны Кулявец, ураджай морквы сёлета нядрэнны, нават лепшы за мінулагодні. Магчыма, гэта залежыць ад новага насення, якое купіла гаспадарка ў гэтым годзе.


Ганна Булаўка



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *