Мара пра Чэхію скараднянскай настаўніцы


У Скараднянскай сярэдняй школе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры працуе Ганна Гаеўская. Гэта яе першае працоўнае месца. Аб тым, як маладая настаўніца ўладкавалася ў школе, мы нядаўна з ёю пагаварылі.


– Ганна Мікалаеўна, як Вы адчуваеце сябе на першым працоўным месцы?


– Пакуль што ўсё выдатна. Па размеркаванні ў Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце мне выпала ехаць у Скараднянскую сярэднюю школу. Мяне гэта не спалохала, таму што сама я з Ельска і на кожныя выхадныя езджу дадому.


У Скародным мне, як маладому спецыялісту, выдзелілі жыллё – асобную кватэру, так што ўладкавалася я нармальна. У школе я выкладаю беларускую мову і літаратуру. Адносіны і з дзецьмі, і з настаўнікамі складваюцца добрыя. Старэйшыя калегі заўжды гатовы прыйсці на дапамогу. У дырэктара школы Мікалая  Васільевіча Ляўкоўскага таксама заўжды можна знайсці разуменне.


– Вас не спалохала тое, што давядзецца працаваць у вясковай школе?


– Ніколькі. Пачынаць настаўніцкую работу, на мой погляд, значна лягчэй у вясковай школе, дзе ўсе як на далоні: і дарослыя, і дзеці. Дзяцей у вясковых школах менш, чым у гарадскіх. Гэта яшчэ адзін плюс для маладога педагога. Паспяваеш у кожнага спытаць дамашняе заданне. А для працэса навучання гэта вельмі важна.


– З якімі цяжкасцямі Вам давялося сустрэцца ў школе?


– Цяжкасці ёсць у любой работе, але з цягам часу, я думаю, прыйдзе вопыт і многія пытанні вырашацца самі сабою. А як настаўніка-філолага мяне хвалюе адна праблема: дзеці вельмі мала чытаюць літаратуры. Камп’ютары, інтэрнэт, тэлевізары, на жаль, выцясняюць кнігі з жыцця як дзяцей, так і дарослых. Магчыма, каб зацікавіць літаратурай школьнікаў, трэба нешта мяняць у школьных праграмах, удзяляць больш увагі сучасным аўтарам і іх творам. Гэта датычыцца любой літаратуры: і беларускай, і рускай, і замежнай.


– Ганна Мікалаеўна, ці застаецца час на мары ў сучаснага настаўніка?


– Канешне, часу хапае на ўсё. Мне падабаецца ў вольную часіну паслухаць цудоўную музыку і , канешне ж, памарыць аб будучыні, уявіць, як складзецца маё жыццё праз год, два, дзесяць, дваццаць…


Вось у мяне, напрыклад, такая мара – наведаць Чэхію, пабываць у Празе. Мне вельмі падабаецца гісторыя гэтай краіны, яе палацы і замкі, вузенькія вулачкі. Спадзяюся, што абавязкова ўбачу ўсю чэшскую прыгажосць на свае вочы. У вольны час люблю чытаць кнігі, маляваць. Хачу таксама заняцца самаадукацыяй – вывучыць больш дасканала англійскую мову. У наш час веданне англійскай мовы неабходна ўсім. Многія мае сябры ўжо паспелі авалодаць некалькімі замежнымі мовамі. Вось і я лічу, што у першую чаргу патрэбна вывучыць, акрамя сваёй роднай мовы, яшчэ і англійскую, каб вандраваць па свету і без праблем размаўляць з людзьмі розных краін.


Ганна Гаўрылава



1 комментарий по теме “Мара пра Чэхію скараднянскай настаўніцы

  1. !? Цікава))
    А ці здзейснілася ўжо мара Ганны Мікалаеўны?

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *