Інтэрнат у маім жыцці

Актуальное

Кожны чалавек хоча, каб яго праца прыносіла яму як матэрыяльнае, так і маральнае задавальненне. Каб кожны ранак хацелася бегчы на любімую працу.


Для многіх работнікаў Ельскай дапаможнай школы-інтэрната іх праца – гэта сэнс жыцця, увасабленне мар і здзяйсненняў, раскрыццё найлепшых чалавечых якасцей.



Тамара Котава, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце:


– У Ельскай школе-інтэрнаце я працую ўжо 20 гадоў. За гэтыя гады школа стала мне родным домам – не толькі ў пераносным, але і ў прамым сэнсе. Я тут жыву: у будынку школы знаходзіцца мая кватэра, з акон якой бачны прыгожы будынак мясцовай царквы.


Працуючы ў школе-інтэрнаце, я атрымала спецыяльную адукацыю, якая дазволіла мне зразумець унутраны свет і душу выхаванцаў.


Любоў Канопліч, выхавацель:


 – Я з задавальненнем іду на працу ў школу-інтэрнат, якая паўплывала на мой лёс у выбары прафесіі, таму што я сама была вучаніцай гэтай школы (навучалася тут з 1984 па 1988 год). Вучылі мяне і выхоўвалі вельмі добразычлівыя, адказныя, таленавітыя і творчыя людзі. Гледзячы на іх, мне таксама хацелася стаць настаўніцай – і дзіцячая мара мая здзейснілася. Вось ужо дванаццаць гадоў як я працую ў роднай школе. Я стараюся адносіцца да дзяцей з такой цеплынёй, разуменнем, павагай, якія калісьці атрымлівала сама, будучы вучаніцай Ельскай школы-інтэрната.


Ганна Леглік, памочнік выхавацеля:


– Што для мяне мая праца ў школе-інтэрнаце?! Гэта значная частка майго жыцця, гэта другая мая сям’я, дзе я адчуваю сябе добра і ўтульна. Дзякуючы маім сябрам па рабоце, калегам і майму паважанаму кіраўніку Якаву Дзмітрыевічу Ліпскаму, я адчуваю сябе неабходнай, карыснай дзецям. Толькі тут умеюць так аддана працаваць, весела адпачываць, спаборні-чаць і перамагаць.


Уладзімір Мяшалкін, настаўнік працоўнага навучання:


– Тут я працую другі год (а ў сістэме народнай асветы адпрацаваў 30 гадоў), але здаецца, што вельмі даўно. Калектыў школы параўнальна малады і вельмі аб’яднаны. Вы б пабачылі, з якой пяшчотай, цеплынёй, з якім клопатам настаўнікі і выхавацелі адносяцца да сваіх выхаванцаў. І дзеці гэта добра адчуваюць і шануюць.


Мяне прыемна здзіўляе, што кожны год наша школа заваёўвае прызавыя месцы на абласных конкурсах і спартыўных спаборніцтвах. Гэта так цудоўна!


Мы, настаўнікі і выхавацелі, заўжды хвалюемся за паводзіны сваіх выхаванцаў, імкнемся дапамагчы ім выбраць жыццёвы шлях, прывіць ім любоў да працы, павагу да людзей і грамадства, гонар за сваю краіну.


Еўдакія Цімошчанка, медыцынская сястра:


– Вось ужо 42 гады, як я працую ў школе-інтэрнаце. За гэты час яна стала мне другім домам. Я нават на рабоце бываю болей, чым дома. Калі спатрэбіцца, і ноччу прыхожу, каб дапамагчы дзіцяці. Я вельмі  хвалююся за дзяцей. Іх здароўе – галоўнае для мяне.


Уладзімір Вягера, выхавацель:


 – Я працую ў гэтай установе адукацыі з 1992 года. Даўно ўжо зразумеў унікальнасць гэтай школы. Тут дзеці  разам з настаўнікамі вучацца чалавечнасці, добразычлівасці, міласэрнасці, вучацца быць памяркоўнымі да лю-дзей і наваколля. Дзякуючы дзецям, мы, дарослыя, робімся лепшымі – чысцейшымі і дабрэйшымі.


Хачу сказаць некалькі добрых слоў пра нашага кіраўніка, які змог згуртаваць калектыў аднадумцаў, чые ўсе думкі накіраваны на выхаванне дзяцей – годных грамадзян сваёй краіны.


Наталля Карака, сацыяльны педагог, настаўнік беларускай мовы і літаратуры:


 – Калі я першы раз сюды прыйшла, мне адразу ж кінулася ў вочы чысціня, якая прыемна ўразіла. І я сказала: «Я хачу тут працаваць». І вось ужо 9 год, як тут шчырую.
Школа-інтэрнат для мяне – гэта магчымасць рэалізаваць сябе, раскрыць свае здольнасці, але галоўнае – быць карыснай дзецям.


Уладзімір Панфіленка, настаўнік працоўнага навучання:


– Для мяне школа-інтэрнат – гэта, перш за ўсё, дзеці, іх жаданні, мары, клопаты, беды і радасці. Дапамагчы ім стаць сапраўднымі людзьмі, свядомымі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, навучыць ладзіць з людзьмі, навакольным, навучыць практычным навыкам, якія ў першую чаргу спатрэбяцца ў дарослым жыцці, дапамагчы выбраць прафесію – вось, на мой погляд, галоўныя нашы задачы. Сёння, напрыклад, я вучу адзінаццацікласнікаў слясарнай апрацоўцы металу. Усе мае вучні вельмі старанныя.
Я думаю, яны выйдуць са школы працаздольнымі людзьмі.


Ірына Дарына



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *