Цаніце і беражыце мір на нашай зямлі!

Общество

Напярэдадні Дня вызвалення г. Ельска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў мы сустрэліся з Марыяй Дзям’янаўнай Бардашэвіч, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, былой медыцынскай сястрой 37-й Ельскай партызанскай брыгады. Яна расказала, як трапіла ў партызанскі атрад, успомніла эпізоды ваеннага ліхалецця:


– 30 мая ў Кочышчах фашысты расстралялі майго бацьку Дзям’яна Андрэевіча Рабчынскага… Я і мая сястра Каця пайшлі ў Качышчанскі партызанскі атрад. Там ужо была старэйшая наша сястра Ганна. Мне тады ішоў васемнаццаты год. З 8 чэрвеня 1942 года на працягу 21 месяца я была ў партызанах, удзельнічала ў сямі баявых аперацыях, у тым ліку і ў вызваленні г. Ельска.


У канцы снежня 1943 года наша 37-я Ельская партызанская брыгада разам з часцямі Чырвонай Арміі размясцілася на подступах да Ельска ў вёсках Данілаўка, Дабрынь і Млынок. Ноччу капалі акопы, а днём вялі назіранне. Так мы прастаялі каля двух тыдняў. Новы, 1944-ы, год сустрэлі ў акопах. Немцы ўвесь час вялі артылерыйскі абстрэл нашых пазіцый. Агонь вялі кругласутачна. Аднойчы абстрэл пачаўся нечакана і быў такім інтэнсіўным, што мы не паспелі схавацца ў акопах. Адзін снарад трапіў у вугал хаты, дзе размясціліся ваенныя. Было вельмі многа забітых і раненых.


Мне раней не даводзілася бачыць столькі крыві, а я не раз прымала ўдзел у баявых аперацыях партызан. Я была ў шоку, бегала ад аднаго раненага да другога… Потым падбеглі салдаты і партызаны і дапамаглі мне рабіць перавязкі. Знайшлі недзе павозку і перавезлі раненых у санчасць. Мая сумка з перавязачным матэрыялам апусцела. У мяне дрыжалі ногі, і я прысела на зямлю. Раптам чую: нехта стогне. Я паднялася, падышла да руін дома і ўбачыла зусім яшчэ маладзенькага салдаціка. Ён сыходзіў крывёю: асколак снарада трапіў яму ў жывот. Калі я нахілілася над ім, ён расплюшчыў вочы і сказаў: «Сястрычка, перавяжы мяне, выратуй!..» І тут жа памёр.


Шэсцьдзесят восем гадоў мінула з таго дня, а я і сёння выразна чую яго голас і бачу вочы, маліўшыя аб дапамозе… А тады я зняла са сваёй галавы хустку і накрыла ёю загінуўшага. Доўга потым я плакала ад бяссілля і нянавісці да фашыстаў, якія пазбаўляюць жыцця такіх маладых хлопцаў.


Праз некаторы час пасля таго жудаснага абстрэлу разведка данесла, што на нас рухаюцца нямецкія танкі. Дзень быў не па-студзеньскаму цёплым і сонечным. Каля дзесяці фашысцкіх танкаў рухаліся на Данілаўку, дзе займаў абарону наш партызанскі атрад «За Радзіму!» (камандзір – Іван Фёдаравіч Падалка). Танкі наблізіліся да вёскі, але сустрэлі моцнае супраціўленне. Партызаны закідвалі іх гранатамі і бутэлькамі з запальнай сумессю. Фашысты не вытрымалі і павярнулі назад. Адзін танк падарваўся на міне, другі падбілі, але аднаму ўсё ж удалося прарвацца праз спіртзавод і дайсці да другой лініі абароны. Тут яго сустрэлі салдаты з процітанкавымі ружжамі, падбілі яго – ён згарэў.


Бой скончыўся. Мы перамаглі. К канцу дня партызаны сабраліся каля штаба. У тую ноч усе страявыя партызаны былі перададзены ў падпарадкаванне камандзіраў Чырвонай Арміі. Раніцай пачаліся баі за вызваленне Ельска. Праз некалькі дзён мы ўвайшлі ў горад са сваімі павозкамі, на якіх ляжалі раненыя афіцэры і партызаны.


Жыхары горада сустракалі нас цёпла, з хлебам і соллю. Усе, хто застаўся ў жывых, выйшлі на вуліцы. Дзень, помніцца, быў сонечны. Вочы людзей свяціліся шчасцем і радасцю. Яны ўсміхаліся і плакалі адначасова. Гаспадары ўцалеўшых дамоў запрашалі нас да сябе, прапанавалі свае паслугі і пакоі для размяшчэння раненых.


Цэлых дамоў у горадзе засталося няшмат. Напрыклад, вуліца Пушкі-на (тады яе называлі Дабрынскай) была спалена поўнасцю. Але ўсё ж жыхары горада дзяліліся з вызваліцелямі ўсім, што ў іх засталося, прапаноўвалі партызанам і байцам Чырвонай Арміі ўсё самае лепшае…


Я не люблю ўспамінаць пра вайну.  Вайна… Якое гэта страшнае слова. Толькі той, хто сам прайшоў дарогамі вайны, разумее, якія цяжкія выпрабаванні, няшчасці і пакуты выпалі на долю майго пакалення. Я ніколі не забуду тых страшных дзён вайны. Пагэтаму звяртаюся да цяперашніх і будучых пакаленняў: цані-це і беражыце мір, памятайце, якой дарагою цаною дастаўся ён вашым бацькам і дзедам, сваёй чэснай працай мацуйце нашу дзяржаву.


Марына СУГАК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *