Галоўнае ў нашай прафесіі – прафілактыка

Сельское хозяйство

Аляксандр Рамановіч з КСУП «Скараднянскі» мае ўжо два дзесяткі гадоў вопыту ветэрынарнага ўрача. Менавіта столькі працуе ён у гаспадарцы, а другі год ужо з’яўляецца галоўным ветурачом саўгаса. Скончыўшы Рэчыцкі сельскагаспадарчы тэхнікум і набыўшы там спецыяльнасць ветэрынарнага ўрача, малады чалавек застаўся верны выбранай прафесіі. Вярнуўшыся ў родны Валаўск, застаўся працаваць у мясцовай гаспадарцы. Дарэчы, уся сям’я Аляксандра Рамановіча працавала ў саўгасе. Бацькі зараз знаходзяцца на заслужаным адпачынку, а брат, жонка і сам Аляксандр Мікалаевіч і зараз шчыруюць у КСУП «Скараднянскі». Брат Анатоль – механізатар, жонка Аляксандра Галіна загадвае фуражнымі складамі ў Валаўску.


Як вядома, у сельскай гаспадарцы заўжды былі ў цане ўмелыя рабочыя рукі, талковыя спецыялісты і наогул усе працоўныя кадры, неабыякавыя да роднай зямлі. Асабліва цэніцца ў саўгасе работа ветурача. На маю просьбу падрабязней расказаць пра свае абавязкі Аляксандр Мікалаевіч цвёрда і ўпэўнена заўважыў:



– Галоўнае ў нашай прафесіі – прафілактыка захворванняў жывёлы, папярэджванне хвароб і падзяжу жывёлы. Калі ж усё-такі жывёла захварэла – правядзенне медыкаментознага лячэння. Яшчэ ветурачы праводзяць агляд жывёлы, дыягнастыруюць іх хваробы, даследуюць прычыны ўзнікнення, працэсы працякання хвароб жывёл, кантралююць выкананне заагігіенічных і ветэрынарных правіл пры ўтрыманні, кармленні і доглядзе жывёлы на лячэнні і многае іншае.



Карацей кажучы, работы больш чым дастаткова. Тым больш, што гаспадарка вялікая, і Аляксандру Рамановічу трэба паспець на фермы і ў Валаўск, і ў Скароднае, і ў Валаўскую Рудню.
Пра галоўнага ветурача ў КСУП «Скараднянскі» кіраўніцтва і ўсе спецыялісты адзываюцца толькі станоўча. Добрасумленны, сур’ёзны, адказны работнік, граматны спецыяліст – гэта ўсё пра яго. Галоўны заатэхнік гаспадаркі Марыя Даніленка, якая найбольш цесна супрацоўнічае з ветурачом у жывёлагадоўлі, заўважае:



– Аляксандр ніколі не адкажа ў дапамозе, заўжды прымчыцца куды патрэбна ў любы час – ноччу ці днём, у выхадны дзень ці ў свята. Хоць у яго і выхадных, як у большасці з нас, няма…
Шчырыя словы ўдзячнасці ў адрас Аляксандра Рамановіча гучаць і ад аднавяскоўцаў, якія звяртаюцца да яго, калі ўзнікае праблема з жывёлай у гаспадарцы. Не адну карову выратаваў у вёсцы ветурач, нікому не адказаў ў дапамозе: заўжды робіць усё магчымае, каб вылечыць свіней, коней, кароў, дапаможа гаспадарам добрай парадай.



Сёлета Аляксандр Рамановіч прызнаны лепшым па прафесіі сярод ветурачоў раёна. Гэтым чалавекам можа ганарыцца не толькі гаспадарка, дзе ён працуе, але і кожны, хто яго ведае.



Ганна Гаўрылава
Фота Анатоля Сіліверста



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *