Лепшы ляснічы


Валаўскае лясніцтва ДЛГУ «Ельскі лясгас» заўжды адрознівалася сваімі высокімі вытворчымі паказчыкамі дзейнасці сярод іншых. У многім поспех работы лясніцтва залежыць ад яго кіраўніка – Канстанціна Літвіненка. За высокія прафесійныя дасягненні ў лесаводстве, прапаганду беражлівых адносін да лясных багаццяў і значны ўклад у развіццё лясной гаспадаркі Канстанцін Іванавіч прызнаны лепшым па прафесіі ў лясной гаспадарцы раёна. Сёння ён удзельнічае ў раённай нарадзе перадавікоў вытворчасці.


Ляснічы Валаўскага лясніцтва – высокакваліфікаваны спецыяліст, майстар свёй справы. Дзякуючы прафесійным і чалавечым якасцям Канстанціна Іванавіча, калектыў, які налічвае 30 чалавек, працуе зладжана і згуртавана, з’яўляецца неаднаразовым пераможцам ў спаборніцтвах лясгаса. Валаўскае лясніцтва немаленькае – агульная плошча складае 9540 га. Каб захаваць парадак на ўсёй гэтай тэрыторыі, зберагчы лес ад пажараў, работнікі прыкладаюць нямала сіл і намаганняў. На патрэбным узроўні падтрымліваюць парадак леснікі і ў лясных зонах адпачынку. Пад кіраўніцтвам вопытнага ляснічага гэта ўсё атрымліваецца належным чынам.


З юнацтва Канстанцін Іванавіч вырашыў звязаць сваё жыццё з лясной гаспадаркай. Пасля заканчэння Малінскага лесатэхнічнага тэхнікума ў 1985 годзе (Канстанцін Літвіненка родам з Оўруцкага раёна Жытомірскай вобласці) некалькі гадоў працаваў ва Украіне. У хуткім часе лёс прывёў яго ў Беларусь. У 1989 годзе ўладкаваўся лесніком у Валаўскае лясніцтва Ельскага лясгаса. Ужо праз год яго назначылі памочнікам ляснічага, а з 2005 года – ляснічым Валаўскага лясніцтва.


Канстанцін Літвіненка ўмела кіруе калектывам лясніцтва. Дзякуючы мэтанакіраванай рабоце з насельніцтвам, комплексу супрацьпажарных мерапрыемстваў, на тэрыторыі Валаўскага лясніцтва не было вялікіх пажараў, нават рэдка фіксуюцца іх успышкі, адсутнічаюць самавольныя вырубкі лесу. І ў гэтым несумненная заслуга ляснічага.


Ганна ГАЎРЫЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *