Я ўдзячная лёсу за мужа


Гэтую жанчыну ўсе ведаюць як шчырага і сумленнага чалавека, які заўсёды добразычліва настроены да людзей, сустракае ўсіх прыветнай усмешкай. Гаворка ідзе пра Вольгу Матузка, бухгалтара КСУП «Ельскае Палессе», жонку кіраўніка гэтай гаспадаркі Уладзіміра Матузкі. Нядаўна мы сустрэліся з гэтай жанчынай і пагаварылі пра яе жыццё-быццё.


– Вольга Леанідаўна, раскажыце, калі ласка, пра Вашу сям’ю.


– Наша агульная радзіма (я маю на ўвазе сябе і Уладзіміра Аляксеевіча) – вёска Бабруйкі Ельскага раёна. Так як мы там нара-дзіліся і выраслі, то і ведалі адзін аднаго з маленства. Але пра тое, што мы калі-небудзь пажэнімся і створым сям’ю, ніколі не думалі. А як сустракацца пачалі? Уладзімір прыйшоў з арміі, у адной кампаніі святкавалі 8 сакавіка. Потым ён правёў мяне дадому. Я помню, што на развітанне яшчэ пажадала яму, каб Бог даў яму добрую жонку. А праз год мы пажаніліся. Яшчэ памятаю, што калі сватацца да мяне ішлі, дык мая сям’я крыху пахвалявалася, бо сваты за-трымаліся. Але потым усё добра было.


Вяселле ў нас было вялікае, шматлюднае:  як водзіцца ў вёсцы, амаль усе вяскоўцы гулялі – і радня, і суседзі. Распісваліся мы ў новым клубе ў Бабруйках. А потым пачалося сямейнае жыццё. Нарадзіліся дзеткі – сын Аляксей і дачка Ганна. Лёс закідваў нас у розныя месцы: спачатку жылі ў Бабруйках, потым у Млынку, у Валаўску. Нават на Міншчыну выязджалі, калі быў такі час, што людзі ад радыяцыі ўцякалі. Але ж неўзабаве вярнуліся на радзіму: не захацелі жыць на чужыне. Больш за 15 гадоў жывём у Стара-Высокім.


Дзеці нашы ўжо дарослыя, самастойныя. Сын працуе стаматолагам у Рэчыцы, там і жыве з сям’ёй. Дачка працуе ў Мазыры, у гасцінічным комплексе «Прыпяць», поварам. Праўда, яе дачушка Васіліса жыве ў нас, ходзіць тут у дзіцячы сад.


– Як праводзяць вольны час у сям’і Матузка?


– Ведаеце, у нас, сельскіх жыхароў, вольнага часу практычна няма. Вялікая хатняя гаспадарка патрабуе пастаяннага клопату і ўвагі. А ўлетку яшчэ і агароды. Уся наша радасць – маленькая двухгадовая Васіліса. Яна і ёсць увесь наш вольны час. Дзед наш наогул душы не чуе ў сваёй любіміцы, вельмі яе шкадуе, песціць.


– Вольга Леанідаўна, ці лёгка быць жонкай кіраўніка?


– Лёгкага нічога няма на свеце. Нялёгка бывае кожнаму. Канешне, работа ў майго Уладзіміра Аляксеевіча адказная, складаная, патрабуе заўжды пільнай увагі ўсюды, нервовага напружання, строгасці. Муж часта дзеліцца са мной сваімі праблемамі і клопатамі. Увесь час ён заняты, практычна не мае выхадных. Тым не менш, для ўласнай сям’і – для мяне, для дзяцей, унукаў – ён робіць усё. Выдатны муж, цудоўны бацька і дзед. Я ўдзячна лёсу, што ў мяне такая надзейная падтрымка і апора ў жыцці.


Ганна Гаўрылава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *