Галоўнае – спагада і чалавечнасць


Фельчара Падгальскага фельчарска-акушэрскага пункта Марыну Канопліч мы літаральна засталі на парозе ФАПа: яна ў гэты дзень ехала праведаць жыхароў вёскі Казлы. Акрамя вёскі Падгалле, фельчар абслугоўвае такія вёскі, як Казлы, Сугакі, Серыя і Казіміраўка.


Людзі з гэтых маланаселеных пунктаў звычайна зараней звоняць Марыне Уладзіміраўне і расказваюць пра свае праблемы, просяць прывезці тыя або іншыя медыкаменты. Медыцынскія прыёмы ў гэтых аддаленых вёсках праводзяцца ў дамоўленых месцах: напрыклад, у Казлах – у сельскім клубе, у Сугаках – у хаце каго-небудзь з жыхароў.


Часта здараецца, што «медычка», як звычайна называюць фельчара вяскоўцы, завітвае ў кожную хату, выслухоўвае ўсе скаргі і дапамагае па магчымасці, пры патрэбе – накіроўвае ў цэнтральную раённую бальні-цу. Марыну Уладзіміраўну да хворых дастаўляе яе муж – Анатоль Сіўчук, які, дарэчы, працуе з жонкай на ФАПе.


Фельчарка са сваёй сям’ёй, у якой падрастае сын Мікіта (зараз яму 5 гадоў), жыве ў доме, што выдзеліла маладой сям’і мясцовая гаспадарка. Сама Марына – родам з вёскі Рамязы Ельскага раёна. У Падгаллі жыве і працуе ўжо тры гады.


– Пасля вучобы я працавала ў Жлобінскім раёне, а пасля дэкрэтнага водпуску папрасілася на працу ў Ельскі раён, – расказвае Марына Уладзіміраўна. – Так я ўладкавалася ў Падгальскі ФАП. І ніколькі аб гэтым не шкадую. Тут жывуць харошыя, добразычлівыя людзі. Канешне, вялікая колькасць пенсіянераў, якія прыходзяць да мяне не толькі са сваімі хваробамі, але і з жаданнем проста пагаварыць, расказаць пра тое, што турбуе. Вельмі прыемна, што людзі мне давяраюць.


Сапраўды, падгальцы нахваліцца не могуць на свайго медыка. Прыемная і ветлівая маладая жанчына заўжды ўважліва выслухае пацыентаў, калі трэба – наведае хворых дома, прызначыць і прывязе неабходныя медыкаменты.


– У нашай аптэцы на ФАПе самае неабходнае з медыкаментаў ёсць заўжды, – тлумачыць фельчар. – Калі людзям трэба штосьці іншае, яны мне абавязкова пазвоняць і скажуць. Усе заказы выконваюцца і прывозяцца раз у тыдзень.


Побач са звычайнымі медыцынскімі паслугамі, якія фельчар Марына Канопліч аказвае людзям на сваім участку (уколы, вымярэнне артэрыяльнага ціску, перавязкі і інш.), яшчэ больш цэняцца вяскоўцамі яе дабрыня, спагада і чалавечнасць.


Ганна Гаўрылава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *