Пачаўся рух буккросінга


Кніга заўсёды была ў пашане ў беларусаў, бо менавіта яна з’яўляецца крыніцай ведаў, скарбніцай мудрасці, сябрам і дарадчыкам чалавека. Загляньце ў вочы дзіцяці, якое ўпершыню адкрывае кнігу, вы ўбачыце ў іх захапленне, цікаўнасць, здзіўленне і цэлы свет.


«Кніга адкрывае першыя крокі ў вялікае жыццё: знаёміць маленькага чалавека з вобразнымі праяўленнямі дабра і зла, вучыць справядлівасці і дабрыні, выхоўвае нецярплівасць да жорсткасці,» – упэўнена Галіна Трафімава, метадыст аддзела бібліятэчнага маркентынга цэнтральнай раённай бібліятэкі. Яна падзялілася сваімі думкамі і разважаннямі аб ролі кнігі ў сучасным жыцці.


– Кніга адыгрывае вялікую ролю ў станаўленні асобы чалавека. Яна фарміруе ўсведамленне, духоўны свет чалавека, абуджае яго думкі. Нездарма філосафы мінулага казалі: «Калі людзі перастаюць чытаць, яны перастаюць думаць».


У рамках Года кнігі ў краіне стартавала акцыя «Ператворым увесь свет у бібліятэку» – так званы буккросінг, які ўяўляе сабою падарожжа кнігі. Яно мае наступны сэнс: чалавек, прачытаўшы кнігу, пакідае яе ў грамадскім месцы дзеля таго, каб выпадковы чалавек змог гэтую кнігу знайсці і прачытаць.
Ельская раённая бібліятэка падтрымала рэспубліканскую акцыю «Ператворым увесь свет у бібліятэку», і з гэтай нагоды ў фае бібліятэкі размешчаны кнігі для вольнага абмену. Любы чалавек можа ўзяць кнігу на свой густ і, прачытаўшы яе, перадаць сваім сябрам і знаёмым, а таксама пакінуць сваю кнігу, якой ён хоча падзяліцца з іншымі. Нягледзячы на тое, што з пачатку акцыі прайшло не так шмат часу, трэба адзначыць, што яна выклікала вялікую цікавасць у аматараў кнігі.


Усім, хто любіць кнігу, прапануем прыняць удзел у акцыі і тым самым падтрымаць рух буккросінга ў Беларусі.


Яна Іванова



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *