Віншавалі ветэрана


Гэтымі днямі ветэран Вялікай Айчыннай вайны Павел Паўлавіч Бычкоўскі адзначыў свой 90-гадовы юбілей. Родныя і блізкія прыехалі ў бацькоўскую хату, каб павіншаваць яго з гэтай значнай датай. Колькі цёплых слоў было сказана ў адрас юбіляра, колькі каштоўных падарункаў уручана! Але, як адзначае сам Павел Паўлавіч, для яго важна ўвага і павага людзей.


Яму вельмі прыемна было чытаць віншаванні ў свой адрас на старонках раённай газеты. Трэба адзначыць, што ветэран Павел Бычкоўскі з’яўляецца пастаянным падпісчыкам раёнкі. Ён з 1949 года выпі-свае газету і сёння з цікавасцю і нават без акуляраў чытае яе.


Атрымаў Павел Паўлавіч шчырыя віншаванні, падарункі і ад прадстаўнікоў улады. З нагоды юбілею з ветэранам сустрэліся Святлана Данільчук, начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама, Святлана Гарашчук, намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, і  старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Павел Цык.


Нахлынулі ўспаміны… Пад час гутаркі расказаў ветэран пра сваё сіроцкае дзяцінства, ваеннае ліхалецце, нялёгкія пасляваенныя гады… Колькі ўсяго перажыў гэты чалавек! Са слязамі на вачах расказваў Павел Бычкоўскі пра сваё жыццё. Гледзячы на яго маршчыністы твар, на медалі, якімі ўвешаны пінжак, адчуваючы пранікнёны погляд яго блакітных вачэй і слухаючы шчырыя ўспаміны, я падумала, што гэты чалавек прайшоў дастойны жыццёвы шлях. Ён пабудаваў дом, пасадзіў нямала дрэў і выхаваў траіх дзяцей, а зараз дапамагае выхоўваць унукаў. Дай Бог яму здароўя і моцы дажыць да стогадовага юбілею.


Таццяна Петрухно



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *