Удабрэнне для Лаванды

Сельское хозяйство

Акрамя сяўбы ранніх яравых зерневых, адной з самых актуальных вясенне-палявых работ у гэтыя красавіцкія дні ў гаспадарках раёна з’яўляецца ўнясенне мінеральных удабрэнняў, якімі падкармліваюць азімыя зерневыя і шматгадовыя травы. Па дадзеных упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання на 5 красавіка, у цэлым у раёне падкормлена 7568 га азімых зерневых з 9000. Найбольшую плошчу з усіх па раёне азімыя зерневыя культуры займаюць у КСУП «Дабрынь» – 1811 гектараў. На 5 красавіка тут удабрэнні ўнесены ўжо на большай частцы гэтай плошчы. Пра тое, як ідзе работа па падкормцы азімых, паведаміла аграном гэтай гаспадаркі Юлія Мяцеліца:


– У гэтыя дні ў КСУП «Дабрынь» падкормкай азімых зерневых займаюцца дзве адзінкі тэхнікі – трактар МТЗ з агрэгатам «Тарнада» і сельгасмашына «Раса». Яны зараз уносяць у пасевы мачавіну і аміячную селітру. Канешне, неспрыяльнае надвор’е (моцны вецер, дождж, снег) ўскладняе ўвесь працэс унясення мінеральных удабрэнняў, перашкаджае іх раўнамернаму размеркаванню, тым не менш, механізатары працуюць якасна.


«Раса» і трактар працуюць на розных палях. У меру сваіх тэхнічных магчымасцяў яны спраўляюцца з работай па-рознаму. Трактар з агрэгатам «Тарнада», напрыклад, рассявае тону ўдабрэнняў за 15 хвілін у сярэднім, а «Раса» гэтую ж масу за 7 хвілін. Зразумела, што «Раса» можа падкарміць у дзень і намнога большыя плошчы. Тым не менш, якасць выкананых работ у абодвух не адрозніваецца.


На 5 красавіка ў КСУП «Дабрынь» раннімі яравымі зерневымі ўжо засеяна 19 % запланаваных плошчаў. Сёлета ў гэтай гаспадарцы яравы сеў будзе праведзены на плошчы 3307 га, яравымі зерневымі патрэбна будзе засеяць 1062 га. Значна павялічаны ў гэтым годзе плошчы пад кукурузу: 1800 га – на зялёную масу (у мінулым годзе – 1200) і 586 га – на зерне (у 2011 годзе – 450). Упершыню ў КСУП «Дабрынь» будзе вырошчвацца соя.


Ганна БУЛАЎКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *