Апошняя жыхарка вёскі Ястраблі


Ад былой вёскі Ястраблі, якая ўваходзіла ў склад Качышчанскага сельскага Савета, зараз, на жаль, застаўся толькі дарожны паказальнік. А ўсяго некалькі дзясяткаў гадоў назад у Ястраблях кіпела жыццё: як усюды ў вёсках, гаспадароў хат раніцаю будзілі гарластыя пеўні, гаманілі дзіцячымі галасамі вясковыя вуліцы, кіпела ў кожным двары спрадвечная сялянская праца…


Апошняю жыхаркай вёскі Ястраблі, якая пакінула сваю радзіму ў канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя, была Вольга Бардашэвіч. Жанчына жыве цяпер у суседніх Кочышчах, але са шчымлівым болем успамінае родную вёску:


– Да вайны ў Ястраблях, – расказвае Вольга Мікалаеўна, – двароў 40 было, пасля вайны каля 20 засталося. У кожнай сям’і – па некалькі дзяцей: па двое, трое, а ў мяне – пяцёра. У вёсцы нават пачатковая школа працавала. Пасля Чарнобыльскай аварыі людзі раз’язджацца пачалі хто куды. Я ж з сям’ёй засталася. Усё жыццё адпрацавала на ферме – даглядала цялят. Нават калі ўжо ўсе вяскоўцы раз’ехаліся, а ферма яшчэ была, я адзінай даглядчыцай была, толькі з Кочышч іншыя даглядчыкі прыязджалі, корм падвозілі. Але ўсё-такі давялося адцурацца сваёй хаты і пераехаць.


Вольга Мікалаеўна – адна з найлепшых працаўніц, на якіх звычайна абапіраюцца і раўняюцца ў сельскай гаспадарцы. Яна не перабірала і не выбірала работу, усё даручанае выконвала чэсна і сумленна: расціла цялят на працягу 10 гадоў, даглядала іх, нейкі час даіла кароў. За добрасумленную шматгадовую працу Вольга Бардашэвіч у 1983 годзе была ўзнагароджана медалём «Ветэран працы».


Жанчына спазнала ў жыцці многа і шчасця, многа і нягод. Муж Мікалай Міхайлавіч рана пайшоў з жыцця, і сына аднаго пахавала. Астатнія дзеці раз’ехаліся: сын і дачка жывуць аж у Эстоніі, даволі рэдка прыязджаюць да матулі. Яшчэ адзін сын і дачка жывуць у Ельску. У Вольгі Мікалаеўны ёсць дзесяць унукаў і 4 праўнукі.


Зараз Вольга Бардашэвіч жыве ў вялікай светлай хаце, дзе асаблівую ўтульнасць стварае вялікая колькасць кветак, якія з любоўю вырошчвае гаспадыня. Жыве жанчына з Пятром Андрэевічам Цалка – лёс звёў адзінокіх людзей гадоў пятнаццаць назад. Удвох займаюцца невялікай гаспадаркай, садзяць агарод, вырошчваюць кветкі. Дзеці і ўнукі часта наведваюць бацькоў, дапамагаюць па гаспадарцы. А што яшчэ трэба для пажылых людзей, акрамя ўвагі і клопату родных?!


Ганна Гаўрылава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *