Малако ў каровы на языку

Сельское хозяйство

Гэтая спрадвечная ісціна добра вядома сялянам. Таму штогод, звычайна да Юр’я (6 мая), гаспадары выганялі кароў у поле, на свежую зялёную траву.


У кожнай вёсцы ёсць свае асаблівасці, звязаныя з выпасам людскога статку. Пра тое, як гэта ажыццяўляецца на тэрыторыі Старавысакоўскага сельскага Савета, расказала старшыня сельсавета Марыя Алесіч:


– На тэрыторыі Старавысакоўскага сельскага Савета налічваецца чатыры статкі людскіх кароў: два статкі ў Зашыр’і (па 84 галавы), адзін – у Дуброве (каля 90 галоў) і адзін – у Старым Высокім (40 галоў). Колькасць кароў з дамашніх падвор’яў у апошнія гады значна паменшылася. Цяпер не ўсе сем’і трымаюць кароў, якія спрадвеку лічыліся карміліцамі. Праўда, ёсць сем’і, у якіх ёсць па 2–3, а то і болей кароў. Асабліва адметная ў гэтых адносінах вёска Дуброва.


Асаблівасці выпасу вясковых статкаў ёсць у кожнай вёсцы. Напрыклад, у Дуброве і Старым Высокім кароў пасуць па чарзе іх уладальнікі. Акрамя гэтага, удзень – з 12 гадзін да 15 гадзін – каровы знаходзяцца ў хлявах. Такая тэхналогія больш правільная: ад каровы можна атрымаць больш малака. Але ж такі спосаб выпасу кароў мае і шэраг нязручнасцей: поле можа быць далёка ад вёскі, не ва ўсіх ёсць магчымасць удзень заганяць – выганяць кароў.


Так, у Зашыр’і людскія статкі пасуцца далёка і людзі ў асноўным цэлы дзень працуюць, таму там кароў дадому на дзень не прыганяюць. Акрамя таго, там людскія статкі пасе адзін пастух, якога прадастаўляе КСУП «Саўгас «Камуніст», і па чарзе гаспадар кожнай каровы. Уладальнікі кароў за карыстанне электрапастухом, арганізацыю падвозу вады на поле і паслугі пастуха штомесяц плацяць пэўную суму грошай. Карыстанне ж палеткамі для выпасу дамашняга пагалоўя бясплатнае.


Ганна Гаўрылава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *