На шляху інтэграцыі і прагрэсу

Сельское хозяйство

На мінулым тыдні ў Беларусі прайшла адна з буйнейшых у СНД і Еўропе міжнародная спецыялі-заваная выстаўка «Белагра 2012». У ёй прынялі ўдзел больш за 300 кампаній з 18 краін свету. На выстаўцы пабывала і дэлегацыя Ельскага раёна, у склад якой увайшлі спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, кіраўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна, лепшыя работнікі гаспадарак. Узначаліў дэлегацыю намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Анатоль Гапонік.


Выстаўка дасягненняў важнейшай галіны краіны была арганізавана на дзвюх пляцоўках – у Футбольным манежы на праспекце Пераможцаў у сталіцы і пад адкрытым небам у ААТ «Гастэлаўскае» Мінскага раёна.


У рамках Беларускага аграпрамысловага тыдня шырока былі прадстаўлены дасягненні айчыннага АПК у розных сферах: у сельгасмашынабудаванні; новых тэхналогіях вытворчасці экалагічна чыстых і небяспечных прадуктаў; раслінаводстве, жывёлагадоўлі і інш. У аснове навейшых распрацовак – інавацыйныя падыходы развіцця, матэрыяла – і энергазберажэнне, прадукцыя імпартазамяшчэння.


Адзін толькі Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі прадэманстраваў больш за 70 відаў машын і абсталявання. Зацікавілі ўдзельнікаў выстаўкі новыя распрацоўкі цэнтраў па бульбаводстве і плодаагароднінаводстве, жывёлагадоўлі, харчаванні.


Беларускія спецыялісты прапанавалі пазнаёміцца з комплексам абсталявання для захоўвання і перадрэалізацыйнай дапрацоўкі агародніны, уключаючы арыгінальную сістэму выбару мікраклімату. Упершыню ў рамках выстаўкі «Белагра» прайшоў спецыялізаваны салон «Біягаз 2012». Тут былі адлюстраваны ўсе тэхналагічныя этапы – ад забору і захоўвання біягазу да вырабу біягазавых установак пад ключ.


Як заўсёды, прыцягнула да сябе ўвагу адкрытая выставачная пляцоўка, дзе на палях праводзілася  выпрабаванне новай тэхнікі, прайшоў конкурс аратых.


Упершыню прайшоў Фестываль беларускага каня, дзе можна было ўбачыць пародзістых коней, пагля-дзець спаборніцтвы вядомых беларускіх спартсменаў-наезнікаў.


Вялікую цікавасць да выстаўкі  «Белагра 2012» праявілі прадстаўнікі дыпмісій у Беларусі. У Беларускім аграпрамысловым тыдні прынялі ўдзел кіраўнікі аграрных ведамстваў з дзясяткаў краін бліжняга і дальняга замежжа.


Спецыялістаў і наведвальнікаў выстаўкі прыемна здзівілі сваім майстэрствам і дасягненнямі пчалаводы і садаводы, рыбаводчыя і птушкагадоўчыя гаспадаркі, іншыя прадпрыемствы і арганізацыі аграпрамысловага комплексу краіны.


Падрыхтавала Ганна ГАЎРЫЛАВА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *