Шчаслівы чалавек


Вучню базавай школы горада Ельска Кірылу Белайчуку пашанцавала сустрэць настаўніка, які разгледзеў і дапамог раскрыцца таленту гэтага падлетка. За кожнай спартыўнай перамогай хлопца – штодзённыя трэніроўкі і мудрыя парады настаўніка і трэнера Ігара Захарава. У Кірыла многа ўзнагарод, ён з’яўляецца прызёрам раённых і абласных спаборніцтваў па лыжнаму спорту і лёгкай атлетыцы, заваяваў залаты медаль на рэспубліканскіх спаборніцтвах па біятлоне «Снежны снайпер».


– Спортам захапляюся з 5-га класа. Мне вельмі падабаецца хадзіць на лыжах, гуляць у футбол і бегаць. Люблю хуткасць, – гаворыць Кірыл і ўсміхаецца сваёй знакамітай сонечнай усмешкай, шчырай і добрай. – Вельмі ўдзячны Ігару Анатольевічу Захараву, майму настаўніку фізічнай культуры, за ўсё, чаму ён мяне навучыў.


Люблю спаборнічаць, многа трэніруюся. Спачатку цяжка было, а цяпер прывык. Трэніроўкі – частка майго рэжыму дня. Хачу і далей займацца фізкультурай і спортам.


Люблю прыроду. Побач з мікрараёнам Фабрычны, дзе я жыву, ёсць лес, куды я летам хаджу збіраць ягады і грыбы. З маімі сябрамі рыбачу на мясцовым возеры. Тут усюды прыгожа, навокал свежае паветра.


Кірыл расказваў пра сваіх хатніх любімцаў – катоў і сабаку, пра лыжную трасу ў Мінску, якая вельмі ўразіла яго, а я глядзела на гэтага сціплага хлопца і думала, што перада мной стаіць сапраўды шчаслівы чалавек. А як жа інакш?! Так любіць жыццё і займацца любімай справай – гэта шчасце.


Марына СУГАК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *