«Грай, гармонік!» запрашае сяброў


21–22 ліпеня ў Ельску пройдзе VІІ рэгіянальны фестываль гарманістаў «Грай, гармонік!». Раз у два гады ў нашым горадзе сустракаюцца гарманісты і частушачнікі ўсяго палескага краю і суседніх краін. Пра арганізацыю сёлетняга мерапрыемства расказвае начальнік аддзела культуры Ельскага райвыканкама Валерый Гейхман:


– Фестываль «Грай, гармонік!» збірае на сваіх пляцоўках усё больш і больш сяброў – аматараў ігры на гармоніку, выканаўцаў вясёлых частушак. У конкурснай праграме фестывалю ў гэтым годзе прымуць удзел прадстаўнікі палескіх раёнаў Гомельскай вобласці: Жыткавіцкага, Жлобінскага, Светлагорскага, Калінкавіцкага, Лельчыцкага, Лоеўскага, Мазырскага, Нараўлянскага, Ельскага, Акцябрскага, Петрыкаўскага, Рэчыцкага, Хойніцкага і Брагінскага. Практычна ўсе яны ўжо па-цвердзілі свой удзел у фестывалі.


На фестываль таксама запрошаны гарманісты з Бранскай вобласці Расіі, з Оўруцкага, Алеўскага, Корасценьскага і Валадар-Валынскага раёнаў Жытоміршчыны. Магчыма, будуць прадстаўнікі і з іншых краін.


– Хто будзе прадстаўляць Ельскі раён на конкурсе «Грай, гармонік!»?


– Наш раён будзе прадстаўлены ва ўсіх трох намінацыях. Будуць удзельнічаць ансамбль гарманістаў Зашырскага КСЦ і ансамбль гарманістаў устаноў культуры раёна, а таксама салісты-гарманісты Валерый Канопліч і Іван Неўмяржыцкі, а таксама частушачніцы Марына Шчарбакова і Галіна Ракавецкая.


– Якая праграма чакае ўдзельнікаў, гасцей і гледачоў фестывалю?


– З падрабязнай і больш дакладнай праграмай мы яшчэ пазнаёмім жыхароў горада і раёна ў бліжэйшы час. Пакуль плануецца, што 21 ліпеня адбудзецца сустрэча замежных дэлегацый, будзе праведзена канферэнцыя пра ролю інструментальных жанраў у развіцці нацыянальнай культуры. Таксама пройдуць творчыя сустрэчы гасцей Ельшчыны з жыхарамі раёна, плануецца экскурсія па памятных мясцінах Ельскага раёна.


Дзень 22 ліпеня будзе яшчэ больш насычаным: святочная праграма пачнецца з самага ранку (пачатак плануецца на 10.30) і працягнецца да вечара. «Грай, гармонік!» пачнецца з шэсця ўдзельнікаў фестывалю, потым адбудзецца ўрачыстае адкрыццё і непасрэдна конкурсная праграма.


У цэнтры горада будуць працаваць канцэртныя пляцоўкі з удзелам гарманістаў – гасцей горада, многа цікавага можна будзе сустрэць на сельскіх падворках. Алея майстроў, спадзяюся, таксама зацікавіць усіх наведвальнікаў фестывалю, таму што на ёй будуць прадстаўлены работы майстроў усіх палескіх раёнаў Гомельшчыны. Выставы сваіх работ таксама прапануюць гледачам мастакі Нараўлянскага, Мазырскага і Ельскага раёнаў.


Будуць працаваць гандлёвыя кропкі, для дзяцей арганізуюцца шматлікія атракцыёны. Пасля конкурсных выступленняў плануецца падвядзенне вынікаў і ўзнагароджванне пераможцаў.


Шчыра запрашаем усіх жыхароў горада і раёна на фестываль «Грай, гармонік!» Прыходзьце  паслухаць палескіх гарманістаў, частушачнікаў, паглядзець на прадстаўленыя выстаўкі і проста адпачыць душой на такім цікавым фестывалі.


Ганна Гаўрылава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *