«Грай, гармонік!»на Ельшчыне


Гармонік заўсёды здзіўляў і здзіўляе нас прыгажосцю і душэўнасцю свайго гучання. Без гэтага інструмента не абыходзіцца ніводнае народнае гулянне. А дзе гармонік – там і частушка. Нездарма ж яе называюць роднай сястрою гармоніка. Частушкі, прыпеўкі спявалі пад гармонік галасіста, з жартамі, весела. Спявалі ў горы і радасці. А не было голасу, спявалі сэрцам…


Сёмы раз сустрэў сваіх гасцей і землякоў рэгіянальны фестываль гарманістаў палескага краю «Грай, гармонік!» 21 – 22 ліпеня ў Ельску – «сталіцы» гэтага конкурса. На фестываль з’ехаліся гарманісты і частушачнікі 15 раёнаў Гомельскай вобласці, а таксама госці з суседняй Украіны – народны калектыў, ансамбль народных інструментаў  «Каліна» з Оўруцкага раёна Жытомірскай вобласці.


Нядзеля 22 ліпеня – асноўны дзень фестывалю – надоўга запомніцца жыхарам і гасцям  Ельска сваёй яркасцю, непаўторнасцю і эмацыянальнасцю. Здавалася, зранку надвор’е не зусім прыветна і ветліва сустрэла ўдзельнікаў фестывалю, але пазней ельскае сонейка само «зацікавілася» мерапрыемствам і пачало часцей і часцей выглядваць і цікаваць з-за хмарак. А паглядзець і паслухаць сапраўды было што ў гэты дзень.


Свята пачалося з урачыстага шэсця дэлегацый удзельнікаў фестывалю. Ельчане сустрэлі сваіх гасцей хлебам-соллю, павіталі  песнямі і танцамі.


– Мы рады вітаць удзельнікаў і гасцей фестываля  «Грай, гармонік!» на гасціннай ельскай зямлі, – адкрываючы свята, сказаў старшыня Ельскага райвыканкама Леанід Пісанік. – Вельмі прыемна, што геграфія конкурса значна пашырылася, і сёння тут прысутнічаюць прадстаўнікі 15 раёнаў Гомельшчыны, а таксама нашы сябры з Украіны.


Жадаючы добрага  настрою і ўдачы ўсім, Леанід Фёдаравіч выказаў упэўненасць у тым, што ў гэтага фестываля ёсць будучыня: «Фестывалю «Грай, гармонік!» – быць, і быць доўгія гады!»


Ганаровае права падняць сцяг Рэспублікі Беларусь было прадастаўлена ўладальніцы Гран-пры VІІ фестываля – частушачніцы Марыне Шчарбаковай і пераможцу ў намінацыі «Саліст-гарманіст» Валерыю Каноплічу.


Пасля ўрачыстага адкрыцця пачаліся незабыўныя гадзіны фестывалю. У гарадскім парку, на летняй пляцоўцы, гарманісты і частушачніцы пачалі спаборнічаць у сваім майстэрстве. Па ўмовах конкурсу, рэпертуар ўдзельнікаў павінен быў адлюстроўваць музычныя традыцыі рэгіёнаў. Ацэньвала выступленні калектываў і асобных выканаўцаў прафесійнае журы, узначальваў якое ганаровы работнік культуры Віктар Смоляр, кіраўнік народнага ансамбля «Явар» (г. Мазыр).


Пасля асноўнага выступлення канкурсанты і госці фестывалю выступалі на некалькіх адкрытых канцэртных пляцоўках у цэнтры горада.  Шматлікія гандлёвыя кропкі і дзіцячыя атракцыёны таксама не скардзіліся на адсутнасць наведвальнікаў.


Перад тым як журы канчаткова вызначылася з пераможцамі, былі падведзены вынікі конкурсу на лепшае сялянскае падвор’е. Заахвочвальныя падарункі старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Матузка ўручыў «гаспадарам» сельскіх падворкаў Валаўскага цэнтра народных традыцый, Скараднянскага СДК, Засінцаўскага, Старавысокаўскага і Дабрынскага  сельскіх Саветаў. Трэцяе месца занялі прадстаўнікі Рамязоўскага сельсавета, другое – Зашырскага КСЦ. Першае месца заваяваў сялянскі падворак  Млыноцкага сельсавета.


Удзельнікам Горада майстроў Ельскага, Калінкавіцкага, Лельчыцкага, Рэчыцкага, Нараўлянскага, Лоеўскага, Жыткавіцкага і Хойніцкага раёнаў,а таксама мастакам Вользе Касцюкевіч, Юрыю Фісюку і Мікалаю Піліпчуку былі ўручаны падарункі.


Нялёгка членам журы было вызначыць пераможцаў конкурсу, пачуўшы таленавітыя выступленні палескіх гарманістаў і частушачніц. Музычныя нумары кожнага ўдзельніка былі незабыўнымі, арыгінальнымі і непаўторнымі. На адным дыханні ўспрымалася гледачамі пачутае са сцэны майстэрства гарманістаў і частушачніц. Кожнага выканаўцу чакалі сапраўдныя авацыі! Тым не менш, лепшымі і адметнымі сталі наступныя.


Спецыяльным прызам УП «Гвоздзь і К» была ўзнагароджана ўдзельніца ансамбля «Жытнічкі» Зашырскага КСЦ Алена Гвоздзь.


Спецыяльны дыплом фестывалю і падарунак атрымаў ансамбль гарманістаў Рэчыцкага раёна


«Гарэзлівы гармонік». Каштоўныя падарункі за пераемнасць музычных традыцый былі ўручаны дуэту Сяргея Нікіткі і Уладзіслава Кручкова (Акцябрскі раён), Анастасіі Ільіной (Рэчыцкі раён), Вераніцы Махнавец (Хойніцкі раён), а прыз глядацкіх сімпатый – Наталлі Прус (Мазырскі раён).


У намінацыі «Саліст-гарманіст» вызначыліся наступныя пераможцы:


– Іван Неўмяржыцкі (Ельскі раён) – 3 месца; Аляксей Зуеў (Нараўлянскі раён) – 2 месца; Мікалай Колас (Жлобінскі раён) – 1 месца.


У намінацыі «Ансамблі гарманістаў» прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: ансамбль гарманістаў «Крынічанька» (Светлагорскі раён) – 3 месца; дзіцячы ансамбль гарманістаў «Жытнічкі» (Ельскі раён) – 2 месца; ансамбль гарманістаў «Зашырскія музыкі» (Ельскі раён) – 1 месца.


Сярод выканаўцаў прыпевак пераможцамі сталі: Таццяна Кажаноўская (Жыткавіцкі раён) – 3 месца; Марына Шчарбакова (Ельскі раён) – 2 месца; Майя Белая (Светлагорскі раён) – 1 месца.


Гран-пры фестывалю быў уручаны гарманісту Ельскага раёна Валерыю Каноплічу.


Усе пераможцы фестывалю атрымалі дыпломы адпаведных ступеней і падарункі. Акрамя гэтага, дыпломы ўдзельнікаў VІІ рэгіянальнага фестывалю «Грай, гармонік!» былі ўручаны кожнаму прадстаўніку ўсіх раёнаў Гомельскай вобласці і артыстам з Украіны.


Грандыёзны фестываль скончыўся, але надоўга застануцца ў людзей – і ўдзельнікаў, і гледачоў – незабыўныя ўражанні ад убачанага і пачутага на гэтым музычным фэсце. Спадзяёмся, творчага натхнення, станоўчай энергіі і бадзёрага настрою, атрыманых на фестывалі, хопіць да наступнага, восьмага, фестывалю гарманістаў палескага краю.


Ганна Гаўрылава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *