Мы тут не сумуем!

Общество

Асаблівасцю Паўлаўкі з’яўляецца тое, што ў гэтай вёсцы толькі адна вуліца. Зараз тут 10 хат і 17 жыхароў. Яшчэ некалькі гадоў таму хаты стаялі абапал дарогі, цяпер – толькі з аднаго боку.


На лаўцы каля адной з хат сядзелі дзве жанчыны. Мы падышлі да іх, павіталіся, папрасілі расказаць пра цяперашняе жыццё ў Паўлаўцы, параўнаць з тым, што было раней.


– Я ў Паўлаўцы жыву з 1955 года, як замуж сюды выйшла за  Мікалая свайго, –распавядае Валян-ціна Кісель. – Раней у вёсцы многа людзей жыло. Сады вялікія ля хат раслі. Што ўжо яблык было! І гаспадарам хапала, і прыезджым людзям пачаставацца…


Недалёка тут возера ёсць. Многія рыбачылі на ім, а потым нехта з электравудачкай прыехаў – і не стала рыбы ў возеры…


Мясцовыя людзі працавалі ў калгасе «Звязда». І свінаферма была свая, і кароўнік.


– Тут недалёка стаялі клуб, магазін, – паказвае рукой Валянціна Іванаўна на пустыр цераз дарогу, – не так даўно яго разбурылі… Зараз аўталаўка прыязджае двойчы на тыдзень: у панядзелак і чацвер.


А так жывем паціху з дзедам. Вось мы яго з бальніцы чакаем, можа, сёння прыедзе, – разважае жанчына. – Траіх дзяцей з ім нарадзіла. Сын Аляксей жыве ў Санкт-Пецярбурзе. Кожную вясну і восень прыязджае. А гэта мая дачка Люба, яна тут жыве, ва ўсім дапамагае. А яшчэ адна дачка Зоя – у Самары. 


Клічуць дзеці ў горад, але я не хачу адсюль нікуды ехаць. Пазіраць з балкона, што на дванаццатым паверсе, не хачу. Як маладая была, то на год па два разы наведвалася да іх, а цяпер больш яны да мяне прыязджаюць. Я ў сваёй хаце памру.


– Бацькі ўсё жыццё гаспадарку трымаюць, – далучаецца да гутаркі Любоў Мікалаеўна. – І цяпер, хоць і ўзрост, ёсць у іх трое свіней, тры казы і казёл, куры. Няма, праўда, дзе цяпер пасвіць кароў і коз: поле рапсам засеялі, а ў даліне пасля ўгнаенняў дрэнная трава расце.


– Я дванаццаць гадоў кароў даіла, свіней і цялят даглядала, – удакладняе Валянціна Іванаўна, – дома гаспадарка была. Не магу без гэтага. Зараз агарод невялікі ёсць, а раней жа ў некалькіх месцах садзілі і сеялі, бо сям’я вялікая была.


У нас пяцёра ўнукаў і ужо дзесяць праўнукаў. Многія з іх у суседніх вёсках жывуць, таму часта наведваюць. Мы тут не сумуем!


Даведка «НГ»:
Паўлаўка – вёска ў Старавысокаўскім сельсавеце, у 20 км на захад ад Ельска. Узнікла ў другой палове ХІХ ст. У 1870 г. налічвалася 33 жыхары, у 1917 г. – 39 гаспадарак, 262 жыхары. У 1918 го-дзе адкрыта працоўная школа 1-й ступені. У пачатку 1930 г. створаны калгас «Чырвоны партызан», дзейнічалі паветраны млын і кузня. У ліпені 1942 г. нямецка-фашысцкія захопнікі спалілі Паўлаўку, загубілі 39 яе жыхароў.


Марына СУГАК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *