Рыхтуемся да жніва

Сельское хозяйство

Час ляціць непрыкметна. Здавалася б, зусім нядаўна мы гаварылі пра пасяўныя работы ў полі, а цяпер не за гарамі жніво, уборачная кампанія.
Як заявіў на мінулым тыдні Прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч, сёлета жніво пачнецца раней за звычайныя тэрміны на паўтара–два тыдні. Таму падрыхтоўка да яго павінна весціся апераджальнымі тэмпамі.


У Ельскім раёне прагназуецца ўборка азімага рапсу з 10–15 ліпеня, паведамілі ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. На змену рапсу пойдуць зерневыя культуры. Што датычыцца гатоўнасці сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна да жніва, то тут работа праведзена даволі вялікая і значная. Да 1 ліпеня ўсе камбайны і зернесушыльныя комплексы у цэлым былі падрыхтаваны да пачатку ўборачнай кампаніі. Засталося толькі ўстараніць некаторыя дробныя непаладкі.



У час сёлетняга жніва на хлебныя палі Ельшчыны выйдуць 42 зернеўборачныя камбайны. У сярэднім нагрузка на адзін камбайн складзе 240 га. Тэхніка прайшла спецыяльны агляд, праверана на герметычнасць. Практычна ўсе камбайны стаяць на лінейцы гатоўнасці.



Вялікая ўвага надаецца стану зернесушыльных комплексаў у гаспадарках раёна, так як зерне з палёў хутчэй за ўсё будзе паступаць з высокай ступенню вільготнасці. Таму ўся надзея на бесперабойную работу зернесушылак. Іх усіх будзе працаваць 15.



Па прагнозах агранамічнай службы раёна, у цэлым у раёне чакаецца нядрэнны ўраджай, магчыма, лепшы за мінулагодні. Таму галоўная задача, якая будзе стаяць перад хлебаробамі ў час жніва, – убраць увесь ураджай без страт.



У  краіне у  гэтым годзе павінна быць уведзена 102 зернесушыльныя комплексы, з іх 73 – да ўборкі зерневых. Пакуль іх зманціравана 39, будуецца – 58. Неабходна таксама ўвесці сховішчы на 73 тысячы тон зерня.



Ганна Гаўрылава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *