Сталовая пад’едзе на поле

Сельское хозяйство

«Як падмацуешся, так і папрацуеш; калі на стале гусь і парася – тады і работа хараша», – сцвярджае народная мудрасць. У гарачую пару сельскагаспадарчых палявых работ (пасяўная, уборачная, нарыхтоўка кармоў і інш.) харчаванне механізатараў з’яўляецца важным пытаннем у любой гаспадарцы.


Забеспечваюць паўнацэнным і якасным харчаваннем камбайнераў, вадзіцеляў, трактарыстаў і іншых працаўнікоў, занятых у сельскай гаспадарцы, адзначыў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Георгій Цык, пяць сталовых у гаспадарках Ельскага раёна: дзве сталовыя (у КСУП «Дабрынь» і КСУП «Ельск») адносяцца да грамадскага харчавання Ельскага райспажыўтаварыства і тры  – уласныя сталовыя: у КСУП «Ельскае Палессе», «Скараднянскі» і «Саўгас «Камуніст». Асноўныя прадукты для прыгатавання ежы ў гэтых сталовых – агародніна, мяса – пастаўляюцца з палёў і ферм гаспадарак. У кожнай гаспадарцы раёна назначаны адказныя за арганізацыю харчавання работнікаў. Яны ўдакладняюць колькасць людзей, узгадняюць з паварамі меню, кантралююць своечасовую дастаўку ежы ў поле.


– Гарачая ежа – абед і вячэра – падаецца механізатарам два разы ў дзень, – расказаў Георгій Ільіч. – Галоўная задача работнікаў сталовых – добра накарміць людзей, якія цэлы светавы дзень працуюць у полі і не маюць магчымасці з’ездзіць дадому на абед.


Колькасць людзей у кожнай гаспадарцы, для якіх штодзень трэба гатаваць ежу, розная, вагаецца ад 50 да 70, часам – нават больш за 100 чалавек. Акрамя механізатараў, абеды рыхтуюцца для работнікаў зернесушыльных установак, для рабочых з брыгад, якія заняты на рэканструкцыі ферм, і пастухоў. Меню ва ўсіх сталовых даволі разнастайнае. Гэта датычыцца і першых, і другіх страў.


Прывабны і кошт харчавання ў сельскай гаспадарцы. Згодна з прынятымі калектыўнымі дагаворамі механізатары аплочваюць толькі 20 % ад кошту абеду ці вячэры. Вось і лічыце: калі абед каштуе, напрыклад, 15 тысяч, то з работніка вылічаць усяго 3 тысячы.


Акрамя гэтага, работнікі, занятыя працай у полі, маюць магчымасць харчавацца прама на сваіх рабочых месцах. Сталовая прыязджае да іх у поле, раздатчыкі прывозяць свежапрыгатаваную ежу ў спецыяльным посудзе і тэрмасах.


Стварыўшы ўсе ўмовы для механізатараў, у сельгаспрадпрыемствах упэўнены ў тым, што ў час гарачых палявых работ, цяпер, напрыклад, жніва, яны не падвядуць. У гэтым можна не сумнявацца.


Ганна Гаўрылава


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *