Ты, вёска Санюкі, – мая любоў!

Общество


Свая хата, як родная маці, абагрэе, накорміць, выгадуе… Хата да хаты – і ўтвараецца вёска. Людзі жывуць у вёсцы адной сям’ёй, добра ведаюць адзін аднаго. Калі трэба – дапамагаюць, пазычаюць, пра нешта раяцца, разам сумуюць і разам святкуюць.
У Беларусі больш за 20 тысяч вёсак, і ў кожнай свая гісторыя, свой лёс, свой выгляд. Кажуць, што для кожнага, хто нарадзіўся ў вёсцы, яго вёска самая лепшая. Санюкоўцы гэтаму яскравае пацверджанне. Нават той, хто жыве далёка ад роднай вёсачкі, часта ў думках вяртаецца сюды і пры любой магчымасці едзе наведаць дарагія сэрцу мясціны.


11 жніўня ў Санюках святкавалі Дзень вёскі. Восьмы год запар свята збірае тых, для каго гэта вёска родная, для каго яна пакінула яскравы след у жыцці і для каго санюкоўцы сталі сябрамі.
Свята вёскі пачалося каля сельскага клуба. З Днём вёскі прысутных павіншавала старшыня Млынокскага сельскага Савета Анжэла Казленка. У сваім выступленні яна адзначыла, што Санюкі заўсёды славіліся працавітымі людзьмі. Прыемна, што вёска зноў адраджаецца і квітнее. Квітнеюць Санюкі ў прамым сэнсе слова. Добраўпарадкаванне і кветкаводства тут крочаць побач. Граматамі ўзнагародзілі тых гаспадароў, якія ўпрыгожылі свае падворкі кветкамі. Анжэла Дзмітрыеўна ўручыла граматы Млынокскага сельсавета Е.С. Марозенка, М.Т. Венцаль, А.Ф. Трус.



«Няма ў свеце лепей, чым вёска мая» – такія словы па праву могуць сказаць старажылы вёскі Санюкі, якія ўсё жыццё пражылі тут: Венцаль Ганна Фёдараўна, Сарочанка Вольга Раманаўна, Сарочанка Ганна Рыгораўна. Іх лёсы цесна звязаны з вёскай і яе гісторыяй, цяпер жанчыны распавядаюць малодшаму пакаленню пра мінулае Санюкоў.



Моладзь тутэйшая працавітая, з павагай ставіцца да старэйшых, шануе спадчыну. Ёсць сярод санюкоўцаў здольныя і таленавітыя дзеці і падлеткі. Спадабалася гледачам песня «Сена маладое», якую выканаў Уладзіслаў Сарачук. Пранікнёна прачытала верш «Пакінутыя вёскі» Анастасія Сарачук.
Загадчыца Санюкоўскага сельскага клуба Людміла Глухатарэнка адзначыла, што мясцовая моладзь часта наведвае бібліятэку, дапамагае ў арганізацыі і правядзенні многіх мерапрыемстваў. Яна ўручыла граматы Сарачук Анастасіі, Сарачук Дзіяне, Сарачуку Уладзіславу.



З Санюкоў выйшла шмат таленавітых і разумных людзей. Гэта і настаўнікі, і ўрачы, інжынеры і ваенныя, мастакі і проста працавітыя шчырыя людзі. Адзін з такіх – Назарчук Фёдар Паўлавіч. У час свайго выступлення ён павіншаваў аднавяскоўцаў са святам, пажадаў моладзі набірацца мудрасці і рабіць усё на карысць радзіме.



Вёска Санюкі стала роднай і для Новака Дзмітрыя Адамавіча. З цікавасцю слухалі ўспаміны настаўніка пра жыццё і гісторыю вёскі госці свята, сярод якіх былі і яго ўдзячныя вучні. У падарунак санюкоўцам ён прачытаў верш і праспяваў песню.



Бурнымі апладысментамі сустракалі ўдзельнікі свята выступленні артыстаў з Млынокскага КСЦ, Княжаборскага і Бабруйкаўскага сельскіх клубаў, ГДК «Колас». Мясцовых артыстаў, якія парадавалі самабытным выкананнем песень і баек, гледачы доўга не адпускалі. Добрыя жарты і шчырыя вершы, што кранаюць да слёз, хацелася слухаць і слухаць. Калі нумар спадабаўся, у Санюках не выклікаюць на біс, а крычаць: «Яшчэ!» У гэты дзень такое патрабаванне гучала часта. Завяршылася канцэртная праграма розыгрышам латарэі.



Радавалі ўсмешкі, што свяціліся на тварах людзей. Шчаслівыя і прыемна ўзрушаныя панеслі яны свята па хатах. Да вечара было чуваць смех і песні над Санюкамі.



Марына СУГАК
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *