Вясковая ўмеліца


Кулакова Аляксандра Афанасьеўна з вёскі Зашыр`е рэдка калі бывае без справы. Амаль увесь вольны час яна з задавальненнем аддае любімаму занятку – вышыванню. Вышытыя яе рукамі рэчы: ручнікі, іконы, сурвэткі, падушкі – упрыгожваюць не толькі яе кватэру, але і з`яўляюцца цудоўным падарункам блізкім і родным людзям, ці проста знаёмым.


– Вышываю з дзяцінства, – расказвае ўмеліца, – любоў да рукадзелля мне прывіла маці. Яна вельмі прыгожа вышывала і мяне навучыла, за што я ёй вельмі ўдзячна. Мяне гэта так захапляе, што гадзінамі не магу адарвацца. Асабліва калі трывожна ці неспакойна на душы – гэта лепшы паратунак.


Узоры Аляксандра Афанасьеўна прыдумвае сама або карыстаецца спецыяльнай літаратурай, часам дапамагае суседка, якая таксама захапляецца вышываннем. Больш за ўсё падабаецца вышываць вясельныя ручнікі. Умеліца верыць,што калі рукі маладым звязаць яе ручніком, то будуць яны жыць у ладзе ды згодзе вельмі доўга.


– Акрамя вышывання, вельмі люблю чытаць, – прызналася жанчына. – Таму я часты госць мясцовай бібліятэкі. Чытаю многа кніг, газет, часопісаў.


Нарадзілася і вырасла Аляксандра Афанасьеўна ў вёсцы Сіманіцкае Поле Лельчыцкага раёна, у Зашыр`е пераехала ў 1977 годзе. Да пераезду працавала даяркай, пасля – заўхозам у бальніцы, апошнія 8 гадоў – у краме. Муж працаваў у саўгасе.


– Добры быў чалавек, працавіты, – хаваючы слёзы, расказвае Аляксандра Афанасьеўна. – Даволі цяжка жыць у вёсцы без надзейнага мужава пляча. Радуе тое, што адзін з сыноў жыве ў роднай вёсцы, дапамагае мне, не забываюць і ўнукі.


У жыцці ўсяго хапала: былі шчаслівыя моманты, поспехі і расчараванні, не абмінула і гора. З чатырох сыноў адзін памёр у пятнаццацігадовым узросце, другі сын загінуў у Афганістане. Вядома, сэрца ад гора баліць і дагэтуль, але жанчына знайшла ў сабе сілы радавацца жыццю, працаваць, займацца любімай справай.



Жанна Рынгоўская



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *