Захаванне самабытных традыцый


Раённымі ўстановамі культуры праводзіцца шэраг мерапрыемстваў па вывучэнні, адраджэнні і захаванні самабытнай культуры рэгіёна. У гэтай справе вялікую ролю адыгрывае прапаганда багатай спадчыны нашых продкаў, якая вядзецца шляхам арганізацыі выстаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці  мясцовых  майстроў і ўмельцаў, правядзення святаў народнага і праваслаўнага календароў, знаёмства з творчасцю народных калектываў.


Традыцыйна ў вёсках адзначаюцца прастольныя святы. Так, напрыклад, Багуцічы святкуюць Міхайла, Бякі – Вадохрышча, Некрашоўка – Троіцу. На гэтых святах звычайна ўшаноўваюцца мясцовыя старажылы, ударнікі працы, праводзіцца конкурс на лепшае падвор`е, а галоўнае – на месцы можна пазнаёміцца з творчасцю мясцовых майстроў і ўмельцаў.



У нашым раёне плённа працуюць 14 фальклорных калектываў. Сярод іх – Казлоўскі фальклорны калектыў. Песенны стыль выканання артыстаў мае статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.



Народны ансамбль «Ялінка» таксама выконвае беларускія народныя песні. Кіраўнік гэтага ансамбля Таццяна Неўмяржыцкая стварае аранжыроўкі на мясцовыя творы. Акрамя таго, ў нашым раёне дзейнічае 26 танцавальных калектываў. Сярод іх нямала фальклорных. Так, узорны ансамбль «Лянок» Зашырскага КСЦ аб`ядноўвае дзяцей і падлеткаў, якія зацікаўлены вывучэннем народнага бытавога танца. Працуюць у напрамку вывучэння і зберажэння народных традыцый і многія аматарскія аб`яднанні: «Лясная скульптура», «Забава», «Крыніца» і іншыя.



Кожныя два гады на тэрыторыі нашага раёна праходзіць рэгіянальны фестываль гарманістаў «Грай, гармонік!» Тут збіраюцца аматарскія народныя музыкі амаль з усёй Гомельскай вобласці. Галоўная ідэя фестывалю – зберажэнне лепшых культурных традыцый нашага народа.



Папулярнасцю сярод ельчан і гасцей горада карыстаецца Ельскі краязнаўчы музей. Яго наведвае вялікая колькасць людзей рознага ўзросту. Тут створаны куток этнаграфіі, дзе можна пазнаёміцца з прадметамі побыту і працы XIX–XX стагоддзяў. Працаўнікі музея штогод арганізуюць выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці, на якіх прадстаўлены вышыўка, вязанне, вырабы з саломкі і іншага прыроднага матэрыялу.



Вялікі ўклад у адраджэнне народнай культуры Ельшчыны ўносіць раённы цэнтр рамёстваў. У мінулым Ельшчына славілася сваёй вышыўкай, пляценнем з лазы, бондарствам і асабліва ткацтвам. На жаль, дзеючых майстроў засталося няшмат. Працаўнікі цэнтра рамёстваў цесна ўзаемадзейнічаюць з мясцовымі майстрамі і ўмельцамі народнай творчасці. На базе цэнтра рамёстваў праводзяцца сустрэчы з народнымі майстрамі і ўмельцамі, сумеснымі намаганнямі арганізоўваюцца выстаўкі. Уся праца, якая праводзіцца цэнтрам рамёстваў накіравана на аб`яднанне мінулага і сучаснасці, адраджэнне самабытнай культуры ельскага краю.



Жанна Рынгоўская



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *